Людзі Смаргоншчыны: Тарэса Кумішча

Тарэса Кумішча належыць да журналістаў, што пісалі і пішуць летапіс тых куточкаў нашай краіны, якія прынята называць малой радзімай. З-пад яе пяра выходзілі матэрыялы пра будні земляробаў і жывёлаводаў, механізатараў і будаўнікоў, народных майстроў і людзей розных іншых прафесій. Дзякуючы добрасумленнасці гэтых працаўнікоў, краіна набывала эканамічную стабільнасць, выходзіла з працяглых крызісаў пасля развалу сістэмы, рос дабрабыт, прыгажэлі вёскі і мястэчкі.
У Смаргонь Тарэса Францаўна разам са сваім мужам, таксама журналістам Альбертам Кумішчам (на фота) , прыехала са сваёй любай Мядзельшчыны ў 1972 годзе. У архіве рэдакцыі захаваўся загад ад 14 жніўня 1972 года аб яе прыёме на працу ў раённую газету “Светлы шлях” у якасці літсупрацоўніка. Яна мела невялікі вопыт працы ў Мядзельскай раённай газеце “Нарачанская зара”, куды добра пісьменную і адказную дзяўчыну ўзялі карэктарам. Там яна канчаткова вызначылася з выбарам прафесіі і паступіла на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Праз трынаццаць гадоў работы ў газеце “Светлы шлях” яе прызначылі адказным сакратаром, а ў 1987 – намеснікам рэдактара. Можна толькі здагадвацца, ды і тое не ўсім, а пераважна калегам, наколькі складана было тады працаваць у мужчынскім калектыве ды яшчэ на кіруючай пасадзе ёй, маці дваіх дзяцей. Так-так! У тыя гады большасць журналістаў былі мужчыны. Да гэтага вымагалі ненарміраваны рабочы дзень і ты-дзень, штотыднёвыя паездкі па раёне, нечаканыя выклікі на працу ў святочныя дні і нават падчас водпуска… Гэты адваротны бок медаля журналісцкай працы ў раёнцы мала каму цікавы. І ўжо зусім мала хто ведае, што большасць насамрэч вартасных аналітычных матэрыялаў газетчыкі часцей за ўсё пішуць дома па начах. Не за вялікія грошы і прэміі, а праз сваё пачуццё адказнасці перад людзьмі, якія чакаюць гэтых матэрыялаў. А яшчэ з-за пачуцця прафесійнага гонару – работа журналіста заўжды навідавоку. Дылетанцкія разважанні і граматычныя памылкі не надаюць аўтарытэту.

Родам з сельскай мясцовасці, увабраўшая ў сябе моц матухны-зямлі, спрадвечную народную філасофію і мудрасць, умеючая разглядзець вартаснае і каштоўнае ў штодзённай мітусні, яна пісала лёгка і зразумела, без асаблівых выкрутасаў, але заўжды з вялікай павагай да аграрыяў, якія былі галоўнымі героямі яе нарысаў, артыкулаў, замалёвак, нататкаў. А яшчэ з вялікай пашанай і замілаваннем пісала яна пра добрыя народныя традыцыі, згадваючы сваё дзяцінства, родных людзей і сяброў юнацтва. Якія трапныя і сакавітыя слоўцы знаходзіла і знаходзіць цяпер для апісання прыроды!
Ніхто ніколі не дадумаецца падлічваць колькасць радкоў, матэрыялаў, газетных палос, напісаных газетчыкам раёнкі. А Тарэса Кумішча ўсё сваё жыццё працавала яшчэ і на невялічкім кавалачку зямлі, што дастаўся ў спадчыну яе мужу на ўзбярэжжы возера Свір. Колькі кілаграмаў, а мо і тон глебы перацерушылі яе пальцы на агародчыку! Колькі ў суме сотак і гектараў перакапана, дагледжана, удобрана… Ці не там, у гэтых маляўнічых, ягадна-грыбных мясцінах, пад шатамі спрадвечных лясоў, нараджаюцца цяпер самыя яскравыя і займальныя яе творы!
Пэўны час вяла Тарэса Францаўна ў газеце тэматычную старонку, прысвечаную роднай прыродзе і экалогіі. Пастаянныя чытачы з нецярпеннем чакалі гэтых цікавых матэрыялаў пра адметныя мясціны Смаргоншчыны, помнікі прыроды, валуны, грыбныя, ягадныя, паляўнічыя ўгоддзі, пра чысцюткія крыніцы і багатыя рыбай азёры.
За добрасумленную журналісцкую дзейнасць, прафесійнае майстэрства, высокі мастацкі ўзровень публікуемых матэрыялаў, актыўную грамадскую пазіцыю Тарэса Кумішча неаднаразова была ўганаравана падзячнымі лістамі і граматамі, ёй прысвоена ганаровае званне Беларускага саюза журналістаў “Заслужаны журналіст”. А найбольшую ўдзячнасць да яе высакароднай працы захоўваюць у сваіх сэрцах пастаянныя чытачы нашай газеты, прыхільнікі яе таленту.
Так, Тарэса Францаўна не выходзіла з народа, не абрывала каранёў, шчодра перадавала чытачам і перадае сваім дочкам і ўнучкам духоўныя набыткі, жыццёвы вопыт і ўменне з павагай ставіцца да простых людзей працы, шчырых працаўнікоў.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота з архіва рэдакцыі.