Час ляціць, а памяць застаецца
Днямі на старонках газеты ў рубрыцы “Наш каляндар” мы ўзгадвалі, што 12 красавіка наш зямляк, воін-інтэрнацыяналіст, ураджэнец Рубчы, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Уладзімір Занкевіч мог бы адзначыць свой 50-гадовы юбілей. Пэўна, гэтая дата і засталася б прачытаным радком на старонцы раёнкі і шчымячым болем у сэрцы родных, але памяць павінна жыць.
Якраз у дзень магчымага юбілею героя са сваім новым палатном у краязнаўчы музей завітаў мясцовы мастак Іван Перарэжка, што з’яўляецца стрыечным братам Уладзіміра Занкевіча. Мастак зрабіў гараджанам творчы падарунак з адценнем смутку і напамінам пра тыя трагічныя падзеі: партрэт воіна-інтэрнацыяналіста на фоне афганскіх гор у спалучэнні з вобразам маці ў аздабленні мясцовых краявідаў – палескіх хатак з петрыкаўскім Свята-Мікалаеўскім храмам. Своеасаблівай сувязной ніткай паміж кампазіцыямі з’яўляецца неба і самалёт, што ляціць з афганскага боку да Бацькаўшчыны.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.