Нягледзячы на тое што будаўнічым аб’ектам надаецца павышаная ўвага, няшчасныя выпадкі, на жаль, усё ж адбываюцца. Галоўным крытэрыем прадухілення траўм і гібелі людзей было і заўсёды будзе пастаяннае выкананне заканадаўства аб ахове працы. З мэтай маніторынгу яго выканання мабільная група райвыканкама наведала будаўнічы аб’ект, размешчаны на ўскраіне нашага горада, па вуліцы Саўгаснай.
Візіт да будаўнікоў праходзіў спазаранку, практычна адразу былі выяўлены і першыя парушэнні: фіксатары варот адсутнічаюць, сметніц няма ні пры ўваходзе, ні на самой тэрыторыі. Гэтыя парушэнні, як і шмат іншых, не былі ліквідаваны з папярэдняга наведвання аб’екта мабільнай групай. Пэўныя нараканні выклікаў і стан пажарнай бяспекі: курэнне дапускаецца па-за межамі спецыяльна адведзенага для гэтага месца, але і яно не абсталявана згодна нормам. Супрацьпажарны шчыт не ўкамплектаваны ў поўным аб’ёме, вогнетушыцелі даўно выйшлі з тэрміну эксплуатацыі, а ў скрыні з пяском яго няма і, як аказалася, увогуле не было з самага пачатку.
Энергетычная служба таксама выявіла парушэнні. Так, адсутнічаюць апорныя трасы для мацавання кабельных ліній вонкавага асвятлення і падключэння вагонаў-бытовак, месцамі яны не замацаваны і ляжаць на дахах бытовак, злучэнне кабеля ўключэння разеткі аднаго вагона-бытоўкі выканана ўскрутку без выкарыстання злучальнай каробкі. Болей таго, электраэнергія падключана да электрасеткі ў эксплуатацыю без допуску Энерганагляду.
Таццяна САВОНЧЫК.
Фото аўтара.