У атачэнні дзіцячых вачэй
Ці можа хто паспрачацца з выслоўем, што шчасце – гэта калі ты некаму патрэбен? Наўрад ці знойдзецца такі філосаф-тэарэтык. Але гэтая жанчына будзе згодная, бо Богам ёй дадзена вялікае любячае сэрца, лагодныя клапатлівыя рукі, нястомны няўрымслівы характар.
Днямі Тамара Якубенка адзначыла юбілей. На свята з’ехаліся толькі самыя блізкія – дзеці, бо інакш не ўмясціліся б нават у кафэ. Лічыце самі: трое ўласна народжаных дзяцей, дзесяць прыёмных, восем выпускнікоў іх дзіцячага дома сямейнага тыпу, два зяці і нявестка, унук і ўнучка. Не ведаю больш жанчын, якія да паўвекавога свайго юбілею назбіралі па жыцці такое багацце.
Беларусь стала яе радзімай, калі дзяўчынцы было дзесяць гадоў. Пасля разводу з мужам яе маці пераехала з Расіі на Магілёўшчыну, маючы на руках трох дачок. Тамара – старэйшая. Меншай не было году. Сказаць, што было цяжка – нічога не сказаць. Маці пайшла працаваць на ферму, а дзяўчынкі гадавалі сястру. Праз нейкі час у іх доме з’явіўся мужчына, айчым, клапатлівы, працавіты. Потым у сям’і нарадзілася яшчэ двое дзетак. Але ніколі старэйшыя дзеці не адчувалі, што гэта не іх бацька: любіў і шкадаваў, як родных. Ён і навучыў Тамару любіць чужых дзяцей.
У час вучобы ў Магілёўскім педкаледжы Тамара сустрэла сваю палову – Івана Якубенку, які на той час быў студэнтам педінстытута. Ажаніліся і маладая жонка была размеркавана на радзіму мужа ў Камаровіцкі дзіцячы сад. Два гады яшчэ жыла са свякрухай, чакаючы кароткіх сустрэч з Іванам. Дыплом ён атрымліваў, будучы бацькам двух дзетак, Андрэйкі і Кацюшы.
У хуткім часе школу ў Фаставічах, дзе працаваў Іван Мікалаевіч, закрылі, і сям’я, пакінуўшы ўжо ўласны дом, пераехала ў Камаровічы, купілі там кватэру. Так і да працы бліжэй, а галоўнае, дзецям – да школы.
– Малодшая Яначка нарадзілася ўжо ў Камаровічах, – расказвае Тамара Паўлаўна. – Расла распешчаным дзіцям. Увесь свет быў створаны толькі для яе. З часам тое пачало насцярожваць. Аднойчы з ёй здарылася істэрыка з-за таго, што я адламіла кавалачак ад яе шакаладкі. Гэта была апошняя кропля. Я паехала ў аддзел адукацыі і папрасіла даць нам пад апеку дзяўчынку. Некалі ўжо давялося гадаваць дзяцей-двайнят сястры, калі тая заканчвала вучобу ў інстытуце. Таму ведалі, што справімся.
Сям’і прапанавалі аднагодку іх дачкі – Юлю, але… у дзяўчынкі ёсць брат Арцём. Так у іх сына з’явіўся брат.
Праз тры гады Якубенкам патэлефанавалі органы апекі з прапановай стаць бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу: шасцёра дзяцей засталіся без бацькоў і ім тэрмінова патрэбна сям’я. Рашэнне было прынята літаральна на працягу гадзіны.
– Ці ж мы не справімся?! – толькі і сказаў Іван Мікалаевіч. – У абодвух педагагічнае выхаванне. Што такое дзеці з нядобранадзейных сям’яў, мы ведаем. Паехалі!
Праз некалькі дзён бацькі пазнаёміліся са сваімі дзецьмі. А праз тыдзень сям’я ўжо вячэрала з пірагамі на вялізнай кухні новага дома.
– Нельга сказаць, што было лёгка, – прызнаецца жанчына. – Чацвёра дзяцей былі ў 9 класе. Кожны меў свой характар і звычкі. А нам важна было ўсталяваць агульны парадак, які грунтаваўся на трох асновах: дысцыпліна, вучоба і падтрымка адзін аднаго. Усялякае было, Алег нават галадоўку нам аб’яўляў. Хутка ўсё стала на свае месцы. Цяпер калі прыходзіць да нас новае дзіця, то не столькі мы кантралюем выкананне нашых правілаў, колькі самі дзеці.
– Дзецям галоўнае – ведаць, што ў іх ёсць дом, сям’я, людзі, якія ў любы момант дапамогуць і не пакінуць адзін на адзін з праблемай. Цяпер у нас восем выпускнікоў. І толькі Дзіма вярнуўся да бацькоў. Яму было цяжка мець абавязкі, быць адказным за сябе і іншых. Усе астатнія ведаюць, што гэта мы – іх дом, іх адзіная сям’я. Мы не дазваляем ніколі дзецям дрэнна казаць пра сваіх матуль. Тлумачым, што абставіны так склаліся, а яны не змаглі з імі справіцца. Неяк Алег папрасіў заехаць да сваёй маці, калі былі недалёка ад яе. Але жанчына, аблаяўшы хлопчыка, выгнала з хаты. Потым ён катэгарычна адмовіўся запрашаць яе на сваё вяселле, не прыняў нашу параду расказаць ёй, што стала бабуляй. Толькі дзве матулі нашых дзетак за ўвесь час дапамагалі нам, падтрымлівалі адносіны з дзецьмі і на самой справе імкнуліся вярнуць іх.
Тамара Паўлаўна прызнаецца, што самае складанае для яе – не, не навучыць дзяцей элементарным правілам гігіены, адказнасці за свае ўчынкі, а не даць сабе магчымасці палюбіць, як родных, тых, хто прыходзіць да іх на паўгода, пакуль бацькам даецца тэрмін на выпраўленне. Такіх “часовых” дзяцей у іх было пяцёра. Разумее, што дзеці павінны любіць менавіта сваю родную матулю, а яна павінна зрабіць усё магчымае, каб быць з імі разам. Але сама яна з заміраннем сэрца чакае, якое рашэнне прыме суд: вярнуць дзіця біялагічным бацькам ці пазбавіць бацькоў правоў, тады дзіця застанецца з імі. І спадзяецца, што з яе сям’і гэта дзіця ўжо нікуды не пойдзе. Так сёння баліць сэрца па Кольку.
Сямігадовы хлопчык і сам пакуль не ведае, дзе яму будзе лепш. Кажа прыёмным бацькам, што хоча застацца тут, каб больш не галадаць, але сваёй роднай маці гаворыць, што хоча вярнуцца да яе, каб не пакрыўдзіць.
– У кожнага дзіцяці свая цяжкая гісторыя, – імкнецца маці пра ўсіх расказаць падрабязна. – Маленькая Валя ў школе была ізгоем: не мытая, з неўралагічнымі праблемамі, прагрэсуючым скаліёзам. А дзяўчынка разумная і ласкавая. Яе праблемы са здароўем – ад дзіцячых траўм, вінаватая ў якіх яе маці. На жаль, пакуль яна патрапіла да нас, час магчымых хірургічных умяшальніцтваў мінуў. Лячылі яе доўга, прыбягаючы нават да нетрадыцыйнай медыцыны. Сёння гэта прыгажуня рыхтуецца да паступлення ў лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт замежных моў.
Наташа была складаным дзіцям: кампаніі, падлеткавы максімалізм, цыгарэты. Сёння яна любячая жонка і клапатлівая маці маленькай дачкі. З такімі ж праблемамі да нас прыйшла і Аксана. Змагаемся, здолеем, тым больш, што яе маці нам вельмі дапамагае.
Алег атрымаў адукацыю ветэрынара, паступіў завочна ў Віцебскую ветакадэмію. Быў размеркаваны на працу па месцы жыхарства маці. Месяц жыў з ёю, цярпеў п’янкі, выкраданне яго рэчаў. Потым у цёткі, дзе таксама не ўсё аказалася прыстойна. Аднойчы позна ўвечары патэлефанаваў, яго рэчы былі выкінутыя на вуліцу. Забралі, дабіліся пераразмеркавання, пакоя ў інтэрнаце. Хутка яго жонка з сынам таксама прыедуць у Петрыкаў.
– Быць сапраўднай матуляй усім дзецям – не складана: я іх люблю, а яны мяне, – адказвае Тамара Якубенка на лагічнае пытанне. – За кожнага перажываю, усім мы павінны даць магчымасць знайсці сябе ў жыцці, папоўніць усё тое, што некалі іх недадалі іншыя. Нашай з Іванам Мікалаевічам адной вялізнай марай было з’ездзіць на мора. Цяпер пра гэта і размовы быць не можа. Мараў стала многа, кожнае дзіця – наша асобная мара. Верым, што ўсе намаганні не дарэмныя. І мары збываюцца. Дзеці вырастаюць, знаходзяць сябе і сваю справу, любяць і шануюць нас. Трое атрымліваюць вышэйшую адукацыю, двое – рыхтуюцца. Уласныя дзеці радуюць поспехамі: у сына добрая праца ў Маскве, дачка Каця – індывідуальны прадпрымальнік у Мінску, Яна будзе майстрам народных промыслаў. У доме заўсёды ёсць запас надзіманых матрасаў, каб усе нашы дзеці маглі размясціцца.
Пакуль жа – штодзённыя клопаты. Як кажа гаспадыня, у яе працоўны дзень – 28 гадзін, бо, здараецца, ідзе гадзіна за дзве. Бывае, кажа па сакрэце, ахоплівае адчай, тады падае тварам у падушку. Дзесяць хвілін слабасці і зноў да спраў.
Фактычна за плячыма палова тэрміну, пасля чаго бацькі-выхавальнікі Якубенкі маюць права перадаць дзяцей у іншыя сем’і і ісці на адпачынак, маючы ва ўласнасці ўвесь гэты дом.
– Пра што вы кажаце!? – абураецца Тамара Паўлаўна. – Кольку сем гадоў, Эдзіку – шэсць, Сашцы – чатыры. Мы іх узялі маленькімі і мы для іх адзіныя маці і бацька, іншых не існуе. Гэта ж нашы дзеці, куды мы іх аддадзім? Выгадуем, выведзем у людзі, а там паглядзім. Просім толькі, каб меншых дзяцей нам не давалі на выхаванне. Калі Сашка стане паўналетняй, нам будзе далёка за шэсцьдзесят – будзе складана. А жыллём мы забяспечаны. Сын купіў нам дом у Петрыкаве. Выдатная жанчына Таццяна Васільева аддала нам дом свайго бацькі, што стаіць насупраць цяперашняга нашага дома. Цяпер там робім рамонт, каб было свабодней, калі збіраюцца ўсе. Там садзім агарод, бо нарыхтовак трэба рабіць сотнямі слоікаў. Ёсць дом у Фаставічах, кватэра ў Камаровічах. Нам хопіць і ўсім нашым дзецям. Ды ці пра тое трэба думаць. Навошта тое матэрыяльнае, калі галоўнае – адагрэтая дзіцячая душа, яго галоўка, прыхінутая да твайго пляча, поўныя любові і ўдзячнасці вочы.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.