Людзі Смаргоншчыны: Станіслава Смаленская

Источник материала:  
Нядаўна работніца мясцовага філіяла аблспажыўтаварыства Станіслава Смаленская адзначыла свой светлы жыццёвы юбілей. Яна адпрацавала тут 42 гады. Пачала працоўную дзейнасць вучнем повара, працавала поварам у сталовых “Смаргоньсілікатабетона” і завода аптычнага станкабудавання. Ад райспажыўтаварыства атрымала накіраванне на паступленне ў Магілёўскі тэхналагічны інстытут на інжынера-тэхнолага. Вучылася завочна.

Людзі Смаргоншчыны: Станіслава Смаленская
Станіслава Смаленская хаця жыла і працавала ў горадзе, але родам была з сельскай мясцовасці. Яна нарадзілася ў вёсцы Целякі, вучылася ў Лешчаняцкай базавай школе, а закончыла Войстамскую СШ. Марыла стаць педагогам, паступала ў інстытут, але не пашанцавала. Тады па камсамольскай лініі дзяўчыну накіравалі на працу на Сольскі гародніннасушыльны завод. Праз год сяброўка ўгаварыла Станіславу Смаленскую пераехаць у Смаргонь.У гэты час у Станіславы Смаленскай ужо была свая сям’я, разам з мужам яны гадавалі сына. Неўзабаве здарылася няшчасце – загінуў муж. Жанчыне прыйшлося ўзяць акадэмічны водпуск, каб даглядаць малое дзіця. Перажыць жыццёвыя складанасці дапамагала свякроў, з якою і цяпер захаваны добрыя сувязі.

Пасля заканчэння Магілёўскага тэхналагічнага інстытута Станіславу Смаленскую прызначылі дырэктарам аб’яднання сталовых на філіял Мінскага трактарнага завода, будаўніцтва якога тады было ў самым разгары. Спачатку там былі дзве сталовыя, потым пабудавалі яшчэ дзве. Сталовую адкрылі і на камбінаце панэльнага домабудавання. Акрамя гэтага працавалі 6 буфетаў. Работа па арганізацыі грамадскага харчавання была не з лёгкіх, бо ў другой палове 80-х гадоў узнікалі пэўныя цяжкасці з закупкай харчовых прадуктаў для прыгатавання абедаў. Гэта цяпер у магазінах усяго хапае, толькі плаці грошы.

Калі распаўся грамхарч, Станіслава Смаленская вярнулася ў райспажыўтаварыства, працавала на розных пасадах, апошнім часам у вытворчых цэхах універсама “Родны кут”. Яна з прыемнасцю ўзгадвае аб тым, што на жыццёвым шляху сустракаліся добрыя людзі. Усе, з кім працавала, вітаюцца пры сустрэчы, узгадваюць мінулае, маладыя гады.

Станіслава Станіславаўна таксама памятае сваіх настаўнікаў на вытворчасці, у каго вучылася, набіралася вопыту. Пазней яна сама ўжо дзялілася ведамі з маладымі работнікамі. Прызналася, што калі б можна было вярнуцца ў маладосць, то не стала б нічога мяняць, пайшла б па гэтым жа працоўным шляху. У філіяле аблспажыўтаварыства ў яе з’явіліся нават сябры, з якімі яна падтрымлівае адносіны на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

←Продолжаются рейды ГАИ и МЧС по торгово-развлекательным центрам Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика