Міласэрнасць – агульная справа
Сёлета ў нашым раёне быў рэалізаваны міжнародны праект па аказанні дапамогі перасяленцам з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. Дапамога ў 800 еўра на адкрыццё прадпрымальніцтва была аказана цяперашнім жыхарам Бабунічаў Вользе Шпоце і Віталю Цеслюку. Для іх быў закуплены мотаблок і цяпліца.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Петухова расказала пра гэта ў час пасяджэння выніковага прэзідыума арганізацыі. Таксама паведаміла, што на стадыі разгляду знаходзіцца яшчэ адна прапанова – закупка каровы для шматдзетнай сям’і з Кашэвічаў. Такая дапамога аказваецца толькі вымушаным перасяленцам з Луганскай і Данецкай абласцей, якія маюць права на атрыманне ваўчараў – шматдзетныя сем’і, інваліды, пенсіянеры, кормячыя маці.
На сёння ў раёне пражываюць 16 сем’яў – атрымальнікаў ваўчараў. Толькі летась усім перасяленцам з Украіны раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа была аказана падтрымка на суму 6600 рублёў, а сёлета ўжо на 4400 рублёў. Акрамя гэтага маючым патрэбу былі перададзены адзенне і абутак, бялізна і прадметы дамашняга ўжытку. Значная частка з гэтых рэчаў была сабрана жыхарамі раёна праз кантэйнер, што знаходзіцца каля будынка арганізацыі.
– Гуманітарную дапамогу “з кантэйнера” атрымалі летась больш 500 чалавек, – расказала Людміла Фёдараўна. – У тым ліку 59 шматдзетных сем’яў і сем’яў з катэгорыі сацыяльна небяспечных. Мы шчыра ўдзячны ўсім, хто да гэтага мае дачыненне, дзеліцца добрымі і якаснымі рэчамі з тымі, каму яны жыццёва неабходны.
Спіс катэгорый жыхароў раёна, якія пастаянна атрымліваюць дапамогу ад Чырвонага Крыжа, вялікі. Гэта інваліды дзяцінства, навучэнцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, школы-інтэрната, пражываючыя ў палатах сястрынскага догляду і дамах-інтэрнатах, адзінокія інваліды-пенсіянеры, малазабяспечаныя сем’і, выхаванца дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і іншыя жыхары горада і раёна. Перыядычна раённай арганізацыяй праводзяцца традыцыйныя акцыі, прымеркаваныя да Дня інваліда, Дня пажылога чалавека, Ражства, Дня абароны дзяцей. А таксама разовыя акцыі, дапамога былым зняволеным, пацярпелым ад пажараў. Прычын для дапамогі знаходзіцца многа.
– Усе нашы акцыі сталі магчымымі, дзякуючы супрацоўніцтву з іншымі структурамі, – падкрэслівае старшыня раённай арганізацыі. – Мы маем наладжаную схему ўзаемадзеяння з установамі аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай службы, аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, ТЦСАН, Дзіцячай школай мастацтваў. Нам дапамагаюць савет ветэранаў, настаяцель Свята-Увазнясенскай царквы іерэй Дзмітрый, мясцовы філіял Калінкавіцкага малочнага камбіната і хлебазавод.
Асобна хочацца сказаць пра супрацоўніцтва з прадпрымальнікамі. На кожную нашу прапанову адгукаюцца Святлана Сялюк, Уладзімір Фурман, Анатоль Мячын, Лідзія Голуб, Лідзія Шыкіна, Пётр Ланька. Дзякуючы ім мы ўручаем індывідуальныя падарункі нашым “падшэфным”, арганізуем “салодкія сталы”. У тым ліку прайшла мінулагодняя акцыя “Дапаможам дзецям, народжаным у няволі”.
Дарэчы, па выніках мінулага года дыпломамі абласной арганізацыі БТЧК былі ўзнагароджаны прадпрымальнік Святлана Сялюк у намінацыі “Лепшы валанцёр па прадстаўленні і абароне ўразлівых груп насельніцтва” і галоўная медсястра ЦРБ Валянціна Жмодзік у намінацыі “Лепшы валанцёр-памочнік”. У абласным аглядзе-конкурсе “Лепшая першасная арганізацыя” “пярвічка” Дзіцячай школы мастацтваў была ўзнагароджана каштоўным падарункам.
Многа падзей Чырвонага Крыжа адбылося з удзелам менавіта валанцёраў, аб’яднаных у валанцёрскі савет пры райарганізацыі БТЧК. У іх ліку Людміла Петухова назвала работнікаў і навучэнцаў устаноў адукацыі, асабліва гімназіі, сярэдняй школы № 1, раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, спецыяльнага вучылішча лёгкай прамысловасці, супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя, кіраўнікоў прадпрыемстваў, пенсіянераў. Пры іх непасрэднай патрымцы, удзеле ці арганізацыі прайшлі многія акцыі летась і плануецца многае ў бягучым годзе.
Нагадаем, што нядаўна Людміле Петуховай Генеральным сакратаром Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольгай Мычко быў уручаны ганаровы знак “Гуманнае сэрца”. У чарговы раз упэўніваемся, што ўзнагарода – заслужаная.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Дзмітрыя БЯЛЬКО.