Па здароўе – у аптэку
02.04.2018
—
Новости Общества
У сераду, 28 сакавіка, у новай аптэцы №280 Брэсцкага РУП “Фармацыя”, якая знаходзіцца па адрасе зав. Паштовы, 7 у Івацэвічах, у межах рэспубліканскай акцыі “Здаровае сэрца – залог поспеху!”, накіраванай на выяўленне фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, зніжэння выпадкаў інсультаў і інфарктаў, прайшоў дзень здароўя.
Тут можна было вымераць артэрыяльны ціск, узровень глюкозы ў крыві нашча, пазнаёміцца з буклетамі па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Пасля таго, як кожны жадаючы атрымаў вынікі сваіх даследаванняў з вызначэннем рызыкі развіцця верагодных ускладненняў сардэчна-сасудзістых захворванняў, яго пракансультавала ўрач-тэрапеўт УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Алена Коцік. Яна падрабязна распавядала наведвальнікам аптэкі аб прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, а калі ўжо давялося сутыкнуцца з гіпертаніяй, павышаным узроўнем халестэрыну і цукру ў крыві, давала рэкамендацыі, як паводзіць сябе ў такіх выпадках, як прымаць лекавыя сродкі. Дарэчы, прама на месцы ўрач выпісваў рэцэпты на лекавыя сродкі, калі гэта было неабходна. У дзень здароўя кансультанты фірмаў медыцынскай тэхнікі Bionime і Microlife давалі рэкамендацыі наведвальнікам, як выбраць танометр, расказвалі і паказвалі, як правільна вымяраць ціск (на здымку). Напрыклад, нельга пры вымярэнні ціску размаўляць, класці нагу на нагу; вымяраць яго, не адпачыўшы. Таксама яны кансультавалі людзей, якія прыходзілі з уласнымі танометрамі, як імі правільна карыстацца.
Як расказала загадчыца ЦРА №280 Ірына Шабан, зараз медыцынская тэхніка, такая як танометры, глюкометры, энбулайзеры – вельмі запатрабаваны тавар у аптэцы. Танометры і глюкометры часцей бяруць дзеці для сваіх састарэлых бацькоў, а тыя не ведаюць, як правільна імі карыстацца. Яна зазначыла, што ў такой сітуацыі можна звярнуцца ў аптэку, дзе вам абавязкова пакажуць, як трэба абыходзіцца з такой тэхнікай.
– Мы пераканаліся, наколькі запатрабавана такая форма работы з наведвальнікамі, як сумесная кансультацыя лекара, прадстаўніка вытворцы лекавых сродкаў ці медыцынскай тэхнікі і правізара аптэкі, – адзначыла Ірына Шабан. – Многія гараджане спецыяльна прыйшлі ў аптэку, каб вымераць артэрыяльны ціск, атрымаць прафесійную кансультацыю кампетэнтных спецыялістаў. Спадзяёмся, што такія дні будуць праходзіць у нас часцей. У планах на наступны месяц – запрасіць прадстаўнікоў тавараў для нованароджаных дзяцей. Упэўненыя, што такая сустрэча будзе вельмі карыснай для будучых маладых матуль.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.