Цяпер ён кожны дзень успамінае, як хадзіць: сабака з прытулку пад Валожынам дачакаўся інваліднага вазка
Ужо некалькі дзён сабака-інвалід з прытулку ў Алешчанятах, што на Валожыншчыне, вучыцца карыстацца спецыяльным інвалідным вазком. Падрабязнасці паведамляе выданне «Рэгіянальная газета».
— Цяпер Блэйд успамінае, як хадзіць, — дзеліцца радасцю гаспадыня прытулка Алена Крэйніс. — З кожным днём у яго атрымліваецца ўсё лепш і лепш.
Пра інвалідны вазок для свайго гадаванца — аўчаркі Блэйда — Алена і Ігар Крэйнісы марылі даўно. І вось дзякуючы замежным фінансавым куратарам мара здзейснілася.
Блэйд трапіў у прытулак зімой. Сабаку з перабітым пазваночнікам і адсечаным хвастом знайшлі куратары ў канаве ля мінскай кальцавой дарогі. Яны і прывезлі сабаку да Крэйнісаў.
Увесь гэты час, па словах Алены, сабака поўзаў пры дапамозе пярэдніх лап.
Калі прывезлі пасылку з Санкт-Пецярбурга, Блэйд сумленна нёс варту і доўга не хацеў пускаць у двор чаканых паштальёнаў.
— Паштовая машына так доўга сігналіла, што аж суседка выйшла, — прыгадвае Алена.
Усе раменчыкі на вазку гаспадары адрэгулявалі. Блэйд асвойвае тэхніку. Праўда, пакуль сабака хутка стамляецца. Паўгадзіны паходзіць, кажа Алена, а потым дзве ляжыць.
Ці знойдзе Блэйд гаспадароў, якія забяруць яго з прытулку? Па назіраннях Алены, гэта малаверагодна. Хіба што нехто з-за мяжы захоча ўзяць аўчарку-інваліда. Такія выпадкі ў Алешчанятах здараліся.