Фотафакт. У Магілёве зламалі скульптуру Маленькага прынца за тыдзень да афіцыйнага адкрыцця
У Магілёве невядомыя пашкодзілі скульптуру Маленькага прынца, ідэю якой скульптар Андрэй Вераб’ёў выношваў 10 гадоў. Бронзавую скульптуру ростам 1,4 метры ў Камсамольскім скверы мелі ўрачыста адкрыць на Дзень гораду 28 чэрвеня, але яна прастаяла меней за дзень. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Цяпер скульптуру павязуць рамантаваць у Мінск — Вераб’ёў спадзяецца, што яе паспеюць прывесці ў парадак да 28 чэрвеня.
Камунальнікі лічаць, што скульптуру маглі пашкодзіць і не вандалы: мо нехта зламаў яе, спрабуючы сфатаграфавацца з ёй ці залезці на яе.
Гэта не першая скульптура ў Камсамольскім скверы Магілёва, якой не пашчасціла: раней там стаяла гранітная выява хлопчыка работы Уладзіміра Конанава, але яна пратрывала толькі год, пасля трэснула і развалілася з прычыны таго, што ўсярэдзіну канструкцыі трапіла вада і замёрзла.
Вераб’ёў вядомы шэрагам твораў: перад магілёўскім Палацам гімнастыкі стаіць скульптура гімнасткі яго работы, ён таксама лепіць для Магілёва фігуры ільвоў і збіраецца зляпіць «помнік маладой бульбе» ў выглядзе юнай дзяўчыны; прапануе Магілёву ўшанаваць скульптурай легендарнага персанажа Машэку; у Шклове стаіць ягоны «антрапаморфны агурок», у Горках — «закаханыя студэнты».
![](http://www.21.by/pub/news/2017/06/1498207359741051.jpg)