Якубовіч пра архівы КДБ, "не экстрэмісцкую кнігу Пазняка пра Курапаты" і трагедыю сямʼі Кляшторных
Галоўны рэдактар газэты «СБ Беларусь сегодня» Павал Якубовіч распавёў «Свабодзе» пра тое, як Мая Кляшторная атрымала з архіваў КДБ копію справы маці, паабяцаў паспрыяць адмене рашэння аб прызнанні кнігі Зянона Пазняка пра Курапаты экстрэмісцкай, і расказаў пра ход конкурсу на мемарыял у Курапатах.
— На гэтым тыдні Мая Тодараўна Кляшторная атрымала ў рэдакцыі газэты «СБ Беларусь сегодня» копію справы сваёй маці. Кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бяспекі і супрацоўнікі Цэнтральнага архіву КДБ абнародавалі копіі сакрэтных дакументаў. Я так разумею, гэта адбылося з вашай ініцыятывы. Як у вас атрымалася гэта зрабіць? Цяпер многія задаюць пытанне, ці гэтак жа нашчадкі іншых рэпрэсаваных змогуць атрымаць поўныя справы, копіі справаў сваіх родных?
— Уся гэтая гісторыя дастаткова міталягізаваная. Асноўная тэма размовы — архівы, допуск да іх і як гэтую праблему вырашаць. Паводле закону апошнія гадоў 20 родныя мелі магчымасць атрымаць адказы на пытанні, за што арыштавалі і расстралялі дзеда, бацьку ці бабулю, можна было ўзняць пра рэабілітацыю. Усё гэта было, але часта гучыць абсалютна дзіцячае патрабаванне: «Пусціце ў архіў». Дружок, што ты ў архіве знойдзеш?
У большасці крымінальных справаў хаваюцца страшныя падрабязнасці. Просты прыклад, які мяне шакаваў. У нашай гісторыі ёсць найпаважанейшы чалавек, спадар Тарашкевіч. Яго арыштавалі, асудзілі «тройкай», але пасля суду яго не расстралялі і трымалі ў камеры ў асобым корпусе мінскай турмы. Ён ведаў пра тое, што яго ўжо выкраслілі з ліку жывых, тым ня менш яго штодня выклікалі, і каб хоць лішні дзень застацца ў жывых, ён даваў паказанні яшчэ на кагосці. І па паказаннях Тарашкевіча, падаецца, 160 ці 180 чалавек былі арыштаваныя, большасць з іх пакараныя смерцю. Ці абавязкова цяпер гэтую гісторыю раскрыць і зрабіць з Тарашкевіча нейкага даносчыка ці ілжэсведку? Ён — ахвяра, але ахвяры і тыя 180 чалавек, на якіх ён данёс. Дык, можа, ня трэба дзеля задавальнення ўласных уяўленняў рабіць з гэтага трылер?
— Я крыху пра іншае хацела запытацца. Мая Тодараўна казала, што калі пры канцы 1980-х гадоў яна атрымала доступ да справы маці і бацькі, то не магла нават дакрануцца да справы, ёй зачыталі толькі некалькі дакументаў, а не цалкам усю справу. Былі абмежаваныя магчымасці, а цяпер яна атрымала поўную справу. Ці магчыма, каб поўныя справы, іх копіі атрымалі іншыя рэпрэсаваныя, нашчадкі рэпрэсаваных. Вы — чалавек уплывовы, вы добрую справу зрабілі для Маі Тодараўны. Ня так шмат засталося ў Беларусі такіх людзей як яна. Напрыклад, Надзя Раманаўна Дземідовіч. Што ім цяпер рабіць? Тым, хто сам захоча атрымаць копію справы бацькі, напрыклад, з архіваў КДБ.
— Ёсць устаноўлены парадак. Трэба звярнуцца ў сваю абласную ўправу КДБ, калі гэта ня Мінск, альбо да кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бяспекі, калі размова ідзе пра Мінск, каб пабачыць гэтую справу. А вось дазволяць ці не дазволяць, гэтае пытанне цяжка спрагназаваць.
Я паспрабую патлумачыць. Пасля некаторых справаў валасы дыбам становяцца ад таго, як людзі адзін на аднаго паказвалі. Прычым людзі знакамітыя, паважаныя, многім помнікі стаяць, і адзін паказвае, што другі ўцягнуў яго ў трацкісцкую дзейнасць, а той паказвае, гэта ён мяне спойваў і ўгаворваў Сталіна забіць. Таму справа не ў рэпутацыях, а ў тым, што нельга некаторыя рэчы абнародаваць.
Якому нашчадку спадабаецца, што ягоны нявінна расстраляны дзед даў паказанні яшчэ на дзевяць аднавяскоўцаў. Кажуць: назавіце імёны катаў. Ужо і катаў няма, і ахвяраў. Што з таго, што назваць імя сяржанта КДБ, які забіў 20 чалавек, а потым яго самога забілі і жонку ў «Алжир» паслалі. Цяпер трэба гаварыць пра тое, што нельга дапусціць сталінізму з усёй гэтай паранойяй, пустатой і барабанным боем, які «Алжиром» заканчваўся.
У прынцыпе кожны можа звярнуцца ў КДБ і атрымаць. Мая Тодараўна — адна з апошніх жывых удзельніц той драмы, яе асудзілі ў 4 месяцы ад нараджэння. Натуральна, я зрабіў усё, што мог, каб Мая Тодараўна магла дакрануцца да арыгіналаў, да лістоў, якія яе маці пісала Варашылаву, і яшчэ шмат да чаго, што раней не лічылі патрэбным паказаць, лічылі, што гэта ня мае дачынення да справы. Я выступіў з хадайніцтвам і вельмі ўдзячны тым кіраўнікам, якія пайшлі насустрач. Калі даволі даўно мы пазнаёміліся з Маяй Тодараўнай, мяне гэтая трагедыя вельмі ўразіла. Гэта раман, такі сюжэт наўрад ці Дастаеўскаму ў галасу прыйшоў.
Што да справаў іншых людзей, то пакуль я — рэдактар газеты, то дзе магу дапамагчы, хай пішуць, звяртаюцца, я пастараюся для гэтых людзей усё зрабіць, каб задаволіць іх жаданне даведацца болей.
— Вы намагаецеся, каб памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій была годна ўшанаваная ў Курапатах. Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка перадаў прэзідэнту Казахстану 63 справы беларусак, якія былі ў Акмолінскім лягеры жонак здраднікаў радзімы. Ці вы неяк прычыніліся да гэтага рашэння?
— Можна я сціпла ня буду гэта каментаваць. Ёсць факт. Прэзідэнт зрабіў гэты жэст. Нурсултан Абішавіч сапраўды вельмі шмат робіць дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, гэта сапраўды вельмі добры прыклад. З 1990-х гадоў ён асабіста займаецца казахстанскімі мемарыяламі, бо з Казахстана зрабілі турму для ўсяго Савецкага Саюзу тых гадоў. У кантэксце Курапатаў і нашых далейшых рухаў і іншага павароту да гэтай тэмы мне вельмі прыемна, што ў прэзідэнтаў адбылася такая размова, што Аляксандар Рыгоравіч убачыў, наколькі ўдзячны Назарбаеў за тое, што яму перадалі гэты архіў. Гэта добры факт.
Што тычыцца астатняга, колькі ў мяне будзе хапаць сілаў, я буду рабіць усё, каб у Курапатах зрабіць мэмарыял смутку і памяці. Ні пра якое прымірэнне ня трэба гаварыць, тым больш нявінна забітых у 20-м стагоддзі. Мемарыял канкрэтным ахвярам палітычнай дактрыны, палітычнага варʼяцтва, палітычных рэпрэсій.
Вельмі спадзяюся, што буду сутыкацца з большым разуменнем. Час усё ж спыніць сумневы і размовы пра тое, што «рукі прэч» і так далей. На вочы трапляюцца некаторыя абсалютна дзіцячыя меркаванні, што Якубовіч палітычны капітал набірае. Мне гэта не патрэбна ў гэты пэрыяд жыцьця.
Карыстаючыся выпадкам скажу, што я з жалем даведаўся наконт таго, што кніга Пазняка пра Курапаты была прызнаная экстрэмісцкай. Натуральна, я стаўлюся з глыбокай пашанай да рашэнняў дзяржаўных ці судовых органаў, але я паспрабую са спадзяваннем на разуменьне праз газэту звярнуцца, каб гэтае судовае рашэнне было змененае. Што ў гэтай кнізе можа быць экстрэмісцкага? Пазьняк расказаў пра Курапаты — ані дадаць, ані прыбраць. Расстрэльвалі людзей. І калі здымкі ў кнізе, то гэта — здымкі парэшткаў, калі гэта яго развагі, то іх сёння цалкам у грамадзтве прынялі і падзяляюць. Калі прозвішча толькі Пазняка кагосці насцярожыла, гэта таксама няслушна. Што тычыцца Курапатаў, гістарычнай часткі, то прозвішча Пазняк і Курапаты непарыўна звязаныя. Шкада, што так адбылося. Я паспрабую нешта прадпрыняць.
— Як рухаецца справа з конкурсам на мемарыял у Курапатах. Паведамлялася, што то падчас правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты» Міністэрства культуры атрымала 26 заявак. Вы ў пэўнай ступені курыруеце гэтую справу. На якой стадыі працэс?
— Прыйшлі 26 працаў, якіх я, шчыра кажучы, ня бачыў. Я і раней казаў, што мне ня вельмі спадабалася ініцыятыва Міністэрства культуры, бо яна была вельмі кансерватыўнай, звернутай толькі да прафесіяналаў. Я бачыў конкурс на памятны знак як дэмакратычную справу, у якой павінны ўдзельнічаць усе, хто хоча — ад школьніка да акадэміка архітэктуры. Паслаць на суд журы ўсё, што можна зрабіць, каб памятны знак быў адначасна і ляпідарным, і вельмі ўражваў, быў значымым і сурʼёзным. У ініцыятыўную групу, пра якую я гаварыў, уваходзяць прадстаўнікі грамадзкасці і практычна не ўваходзяць дзяржаўныя дзеячы. Мы вырашылі працягнуць конкурс, каб як мага болей людзей узялі ў ім удзел. Мы спадзяемся, што яшчэ вельмі шмат людзей адклікнецца. Паміж сабой мы вырашылі, што вызначым тэрмін, калі скончыцца прыём працаў, і будзем разглядаць у тым ліку і гэтыя 26, што прыйшлі ў мінкультуры.
— Значыць канчатковага тэрміну, калі будуць прымацца рашэнні, яшчэ няма?
— Не. Толькі абвешчаны конкурс, па сутнасці дэмакратычны, усенародны. Мэханізм наступны. Сябры ініцыятыўнай групы, напрыклад гісторык Кузняцоў, павінен прапанаваць у журы таго, каго ён палічыць патрэбным. Ганна Шапуцька прапануе сваю кандыдатуру, я магу прапанаваць сваю кандыдатуру, Алесь Чахольскі таксама. Я пастараюся зрабіць так, каб не было ніякіх нюансаў, звязаных з палітычным і эстэтычнымі поглядамі. Паважаны, вядомы, кампетэнтны чалавек з добрай рэпутацыяй, якога бы прапанавалі сябры ініцыятыўнай групы, аўтаматычна ўключаецца. І яны ўжо будуць вырашаць, які эскіз пераможа. Потым пачнём шукаць магчымасці вырабу, устаноўкі знаку і гэтак далей.
— Калі будуць бліжэйшыя паседжанні, калі пераможцаў будуць вызначаць?
— Мы паглядзім на інтэнсіўнасць, але я думаю, што з пачаткам восені. Трэба, каб як мага болей людзей узялі ўдзел, а з другога боку да бясконцасці працягваць яго ня варта. Тое, што прыслалі ў Міністэрства культуры, і тое, што прышлюць яшчэ (я вельмі спадзяюся), усё будзе суміравацца і разглядацца паважанай калегіяй, якую прапануюць і прызначаць члены ініцыятыўнай групы.