Бацькі неданошаных дзяцей аб'ядналіся ў клуб

Источник материала:  
13.05.2017 20:46 — Новости Общества

Новае грамадскае аб’яднанне «Рана» згуртавала каля 180 матуль неданошаных дзяцей. Карэспандэнт «Рэспублікі» абмеркавала надзённыя праблемы арганізацыі з яе кіраўнікамі і найбольш актыўнымі мамамі.


У аддзяленні для неданошаных дзяцей РНПЦ «Маці і дзіця» знаходзяцца 46 немаўлят. За год праз яго праходзяць каля 600 малых. Фота Антаніны Хатэнкі, sb.by

Ці бачылі вы, як выглядае неданошанае дзіця? Яно настолькі маленькае, што да яго страшна дакрануцца, не тое што ўзяць на рукі. Неданошаныя нараджаюцца з недаразвітымі органамі. Першы год жыцця для іх найбольш важны: парушэнні не позна мінімізаваць. Але бацькі «асаблівых» немаўлят найчасцей губляюцца, кідаюцца ў крайнасці, дэпрэсуюць.

Суполка бацькоў

Марына Канавалава нарадзіла двайнят Арыну і Яраслава ў 30 тыдняў у навагоднюю ноч. Хлопчык важыў 1290 грамаў, дзяўчынка крыху больш — 1300. Стан малых быў вельмі цяжкі, яны знаходзіліся на штучнай вентыляцыі лёгкіх. У Яраслава адбылося сур’ёзнае кровазліццё ў галаўны мозг. Ніхто не ведаў, чым усё скончыцца.

— Я ўбачыла дзетак толькі на восьмы дзень. Яраслаў быў ацеклы, таму, напэўна, і падаўся мне звычайным дзіцём, — прыгадвае няпростыя дні Марына. — Пасля родаў я суткі вытрывала ў палаце сярод шчаслівых матуль і папрасіла перавесці ў аднамесную. Увесь час са мной працаваў псіхатэрапеўт. Не ведаю, як бы я справілася без падтрымкі мужа. Ён тэлефанаваў двойчы ў дзень у рэанімацыю і даносіў інфармацыю да мяне. Пасля выпіскі нараўне са мной пакропельна выкормліваў малых.

Сёння двайнятам Канавалавым ужо больш за чатыры гады. Яны ходзяць у звычайны дзіцячы садок. Адзінае, у Яраслава засталіся праблемы са зрокам. Ён перанёс дзве аперацыі, зараз носіць акуляры. Марына нарадзіла пасля блiзнят трэцяе дзіця з нармальнай вагой — 3600.

46 немаўлят

Сёння ў аддзяленні для неданошаных дзяцей РНПЦ «Маці і дзіця» знаходзяцца 46 немаўлят. За год у ім атрымліваюць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу каля 600 малых. Дзеці ляжаць у спецыяльных інкубатарах, якія дазваляюць ім дыхаць і развівацца. Калі добра прыгледзецца, можна заўважыць вянозныя катэтары ў ручках і ножках, у некаторых вочкі заплюшчаны: спяць. Адчуваецца, што кожны з іх змагаецца за жыццё, як толькі можа: адзін цягне ножкі, другі пазяхае, трэці варушыць пальчыкамі…

— Тут малыя знаходзяцца пад наглядам урачоў і медыцынскіх сясцёр. Дома бацькі сам-насам застаюцца са сваімі праблемамі і пытаннямі. Ім не хапае псіхалагічнай падтрымкі. Узнікла ініцыятыва аб’яднаць бацькоў, каб яны ўзаемадзейнічалі між сабой пад назіраннем спецыялістаў, — тлумачыць ідэю ўзнікнення новага згуртавання ўрач-рэаніматолаг, загадчык педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук Юлія Ражко.

У снежні мінулага года матулі неданошаных дзяцей пад наглядам загадчыка аддзялення аб’ядналіся ў суполку праз Viber. Абмен вопытам у нефармальнай групе падштурхнуў да стварэння грамадскага аб’яднання.

На базе новага згуртавання рэгулярна (два разы на месяц) адбываюцца сустрэчы з урачамі-спецыялістамі - неўролагамі, афтальмолагамі, рэабілітолагамі, пульманолагамі, педыятрамі. Псіхалагічны групавы трэнінг праводзіць прафесійны псіхатэрапеўт.


Ініцыятарам стварэння аб’яднання для бацькоў неданошаных дзяцей стала загадчык педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця» Юлія Ражко. Фота Антаніны Хатэнкі, sb.by

Таксама дзейнічаюць групы ўзаемадапамогі: ініцыятыўныя матулі, дзеці якіх ужо падраслі, дапамагаюць бацькам, у якіх толькі нарадзілася «асаблівае» дзіця. Сёння мамы неданошаных дзяцей могуць падзяліцца перажываннямі ў групе псіхалагічнай падтрымкі «Матуліна група». Плануюцца выезды ў рэгіёны. Дарэчы, у арганізацыю ўвайшлі мамы з розных куткоў краіны: Брэста, Баранавіч, Гомеля, Салігорска, крыху менш матуль з Магілёва, Віцебска і Гродна.

— Часта мамы начытаюцца інтэрнэту і ўпадаюць у дэпрэсію, думаючы, што дзіця застанецца інвалідам. Даводзіцца працаваць з матулямі, каб змяніць іх светапогляд, — дзеліцца цяжкасцямі Юлія Ражко. — Згуртаванне бацькоў неданошаных дзяцей ствараецца, каб у матуль і татаў не апускаліся рукі. Зносіны з бацькамі, якія перажылі цяжкія сітуацыі, часам спрацоўваюць лепш, чым кансультацыі ў доктара. Важна атрымліваць якасную інфармацыю, таму мы разам з матулямі распрацоўваем брашуры па самых незвычайных выпадках. Напрыклад, хутка мама чатырохгадовай Соф'і з Брэста падрыхтуе метадычку «Як даглядаць дзіця пасля аперацыі на кішэчніку з вывядзеннем стомы».

Хуткая дапамога для сваіх

Як правіла, сем'і з неданошанымі дзецьмі сутыкаюцца з адсутнасцю сістэмы аказання псіхалагічнай падтрымкі. Алена Грыгор’ева пераканалася ў гэтым на сваім прыкладзе на ўсіх стадыях выходжвання — ад рэанімацыі да паліклінікі.

— Мне і маёй сям'і ні разу не была прапанавана кансультацыя псіхолага. Мужа не пускалі ў рэанімацыю, а старэйшага сына — нават у радзільнае аддзяленне (з абгрунтаваннем, што да 14 гадоў дзеці з’яўляюцца разносчыкамі інфекцый), — дзеліцца перажытым вопытам Алена. — Яшчэ сутыкнулася з тым, што ў нашых аптэках няма вітамінаў для нованароджаных. Даводзіцца прывозіць з-за мяжы ці выкарыстоўваць тыя, што даступныя ў ветклініках. Напрыклад, вітамін К для катоў і сабак у нас ёсць, а для дзетак — няма.

Што наконт татаў? Мужчыны псіхалагічна слабейшыя за жанчын, часта яны проста не вытрымліваюць і сыходзяць з сям'і. Каб прадухіліць гэтую праблему, Юлія Ражко прапануе раней пачынаць узаемадзеянне з татамі:

— Як правіла, таты трымаюцца збоку, не падыходзяць блізка да дзяцей. Канешне, ёсць і такія, хто песенькі каля рэанімацыі спявае, але гэта выключэнне. Мы хочам паспрабаваць падрыхтоўку да выпіскі сям'і, як у Фінляндыі. Мы выдзелім асобны пакой, дзе тата і старэйшыя дзеці атрымаюць магчымасць праводзіць з неданошаным тры-чатыры гадзіны. Бацька навучыцца самаму неабходнаму для догляду за дзіцём, нават змене памперсаў і правілам кармлення, а старэйшыя браты і сёстры прывучацца да малога.

У планах новага згуртавання стварыць тэлефонную гарачую лінію, каб можна было экстранна звязацца са спецыялістамі. Пакуль урачы даюць уласныя нумары для кансультацый.

— Наша суполка ў Viber працуе як хуткая дапамога, дзве-тры матулі абавязкова адкажуць на экстранныя пытанні нават ноччу, — тлумачыць старшыня праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання бацькоў неданошаных дзяцей «РАНА» Юлія Макоўская. — У будучым плануем усе абмеркаванні перанесці з суполкі на форум на сайце rano.by. Зараз мы яго дапрацоўваем.

На дадзены момант згуртаванню не хапае фінансавання, даводзіцца заці-каўліваць спонсараў. Прасцей прывозіць спецыялістаў з лекцыямі з-за мяжы, але на гэта таксама патрэбныя грошы. Пакуль бацькі атрымліваць інфармацыю ад матуль, якія за ўласныя сродкі вазілі малых да замежных спецыялістаў на рэабілітацыю.

Яшчэ адна праблема — грудное выкормліванне неданошаных. Ніякіх лекаў, лепшых за грудное малако, яшчэ не прыдумалі. А сумесі павялічваюць рызыку развіцця язвавага каліту. Для сцэджвання груднога малака неабходна спецыяльнае памяшканне, якое маецца далёка не ў кожнай рэанімацыі.

З 1997 года выжывальнасць неданошаных дзяцей да паўтара кілаграма павялічылася з 40 да 88%. Нягледзячы на станоўчую статыстыку, яшчэ застаецца шмат прабелаў, якія варта запаўняць. Гэтым якраз і зоймецца новае згуртаванне.

Штогадова ў нашай краіне з’яўляецца на свет каля 4,5 тысячы неданошаных. Малыя з-за недаразвіцця органаў маюць парушэнні неўралагічнай і лёгачнай сістэм, праблемы са зрокам, слыхам, сэрцам. Пятая частка неданошаных з вагой да паўтара кілаграма застаецца інвалідамі.

←"Цяпер музыкаў не пагоніць міліцыя". В Минске открыли сезон уличной музыки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика