"100 грамаў" на першым паверсе. У Віцебску жыхары дома пратэстуюць супраць чарачнай унізе

Источник материала:  
07.05.2017 07:44 — Новости Общества

У Віцебску жыхары шматпавярховага дома на вуліцы Чапаева супраць таго, каб на першым паверсе працавала чарачная. Называюць гэту ўстанову грамадскага харчавання вельмі сімвалічна — «Чарачная «100 грамаў». Шыльда з такой назвай вісіць і пры яе ўваходзе, хоць у Гандлёвым рэестры назва аб’екта — проста «Чарачная». Журналіста запрасілі на дваровы сход.



«Думалі, што будзе піцэрыя»

А дзявятай гадзіне вечара ў двары жылога дома № 18 на вуліцы Чапаева шумна. Жыльцы на чале з кіраўніком таварыства ўласнікаў жылля сабраліся, каб абмеркаваць праблемы. І ў першую чаргу «топавую» тэму — пра «100 грамаў».

Жарсці кіпелі. Здавалася, што, як кажуць у народзе, без 100 грамаў не абысціся. Шмат нараканняў пачуў кіраўнік таварыства ўласнікаў жылля. Маўляў, чаму дапусцілі?..

Жыхары пакідалі подпісы ў звароце да ўлады. Гаварылі, што збіраюцца пісаць скаргу ў рэспубліканскія органы ўлады. Некалькі чалавек былі вельмі рады візіту карэспандэнта.

Чарачная пачала працаваць восенню мінулага года. Вялікае памяшканне здалі ў арэнду ўласнікам вядомай у абласным цэнтры кампаніі, якая спецыялізуецца на грамадскім харчаванні.

— Мы і думалі, што чарговая піцэрыя запрацуе ў нашым доме. Але, на жаль, адкрылася чарачная, — расказвае вельмі эмацыянальная жанчына.

Пакуль у натоўпе абмяркоўвалі тэму, побач гулялі дзеці. Вядома, можна зразумець дарослых. Малыя штодня бачаць нецвярозых, якія выходзяць са «100 грамаў». Да таго ж побач дзіцячы садок і школа.

«Крэатыўная» рэклама

Шчыра кажучы, месцаў для таго, каб пасядзець за кубачкам кавы або чаркай больш моцнага напою ў абласным цэнтры параўнальна мала. А дом, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў даволі элітным месцы. Побач — Цэнтральны спартыўны комплекс. Не так далёка — цэнтр горада. Пры гэтым вуліца Чапаева ў параўнальна ціхім раёне. Паблізу — рэчка, у гонар якой атрымаў назву Віцебск, на яе берагах — парк адпачынку.

Жыць і радавацца толькі. Яшчэ тры гады не прайшло, як дом, у якім больш за 200 кватэр, здалі ў эксплуатацыю. Шматпавярховік, дарэчы, адзін з самых высокіх у горадзе — 18−19 паверхаў. І тут, як той казаў, на табе — праблема.

— Бяда яшчэ і ў тым, што ўваход у «100 грамаў» паміж двума пад’ездамі. Нецвярозыя выходзяць на вуліцу ў тым ліку і каб пакурыць. А колькі разоў біліся! Міліцыю выклікалі, каб парадак навялі, — расказвае пенсіянерка.

Наліваюць у «100 грамах» да 23.00. І без выхадных. Непрыемнасць суседства ўзмацняе «крэтыўная» рэклама піцейнай.

— Над дзвярыма, уявіце, лозунг: «Заходзь — ужо наліваюць». На караценькіх шторках былі надпісы: «Сто грам — не стоп-кран», «Адвёў жонку ў фітнес, заходзь да нас, накачаем», «Купіў машыну — абмыем!». Праз месяц над дзвярыма вывесілі плакат: «З 8 раніцы пахмяляем, да 23 наліваем!», — расказваюць жыльцы.

Пра гэта людзі напісалі на інтэрнэт-форуме бацькоў Віцебска. Народ, каментуючы, не хаваў эмоцый. Асартымент закускі, як адзначаюць пастаянныя наведвальнікі, чыста «стаграмовы»: бутэрброды, хлеб, селядзец, агурок… Плюс чабурэкі і некалькі відаў супоў.

— А вось прыстойнай кавы ў іх няма. Хацела латэ або капучына, а мне прапанавалі бурды, прабачце, размяшаць: тры ў адным! — канстатавала жыхарка дома.

Чарачная на кантролі ў міліцыі

Пасля звароту ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна «вясёлыя» плакаты, якія заклікаюць ужываць алкаголь, перавесілі «тварам» унутр. Плакат-шторка аблямоўвае знутры вокны ўстановы. І цяпер надпісы чытаюць наведвальнікі, а не людзі на вуліцы, як раней.

Чарачную ўзяла на кантроль міліцыя. Прынята рашэнне, як адзначана ў адказе з адміністарцыі раёна, «арыентаваць нарады ППС да месца знаходжання названай піцейнай установы». З яе кіраўніком правялі тлумачальную размову.

А ці насамрэч законна было адкрываць чарачную ў жылым доме? Як адзначаюць ва ўпраўленні гандлю і паслуг гарвыканкама, гэта не супярэчыць адпаведным санітарным нормам і гігіенічным нарматывам.

Жыльцы таксама незадаволеныя тым, што без згоды таварыства ўласнікаў на фасадзе замацавалі выцяжную сістэму. На погляд незадаволеных, выканана яна няправільна. Шум выцяжкі чуюць жыхары ў кватэрах нават на вялікай вышыні. Ды і пах ежы з чарачнай можна адчуць за дзясяткі метраў ад яе. У тэхнічных нюансах, безумоўна, павінны разабрацца спецыялісты.

Жыльцы дома паведамілі, што працягнуць пісаць лісты ў розныя інстанцыі.

←Как рассказы ветерана ВОВ из Беларуси меняют людей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика