Чатыры пары шкарпэтак, валёнкі і літр гарбаты. Як у Маладзечне працуецца на марозе
Пасля Новага года зіма нагадала, якая яна на самой справе. Аказалася, што можа добра заснежыць горад. А таксама падмарозіць так, што людзі, якія працуюць на вуліцы, будуць прытанцоўваць, але не ад шчасця, а ад холаду. Падрабязней — у рэпартажы з Маладзечна ад выдання «Рэгіянальная газета».
Як адзначае Віктар Смаленскі, які гандлюе яблыкамі з уласнага саду, за дзень ён прадаў толькі тры кілаграмы, з маразамі людзей на рынку паменшала.
А вось на надвор’е мужчына не скардзіцца.
— Наадварот, вельмі падабаецца, — адзначае ён. — Я чалавек вясковы, таму магу прызвычайвацца да ўсяго. Хіба гэта маразы? Спакойна пераношу нават большыя. Зімой езджу на рыбалку — гоніць спартыўны інтарэс. Аднак сёлета пакуль не выбраўся, лёд яшчэ не вельмі трывалы, адна рыбіна не каштуе жыцця.
«Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала»
Ганна Карташэвіч адзначае, што галоўнае апрануцца як мяшок, тады не замерзнеш. З вопраткі на жанчыне чатыры швэдары, сподняе адзенне, штаны, пальчаткі, рукавіцы, некалькі шкарпэтак.
— Як толькі пачала працаваць на рынку, цяжкавата было прывыкнуць да холаду, — узгадвае Ганна. — Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала. Але з часам стала больш трывалай да марозу. Галоўнае рухацца, прытанцоўваць. Саграюся і чаем.
Больш за ўсё ў прадаўцоў церпяць рукі, бо ў пальчатках альбо рукавіцах рэшту не дасі.
Жанчына прызнаецца, што, зняўшы рабочае абмундзіраванне дома, адразу ўсё цела ненатуральна чырванее; адчуванне, нібы іголачкі па ўсім целе.
Есці аднолькава хочацца і пры -30 і пры +30
Адзін з прадпрымальнікаў, які не захацеў называць імя, адзначыў, што есці аднолькава хочацца і пры -30, і пры +30. Таму адзінае выйсце — працаваць у любое надвор’е.
Як мужчына прызнаецца, ад марозу не пакутуе, бо загартаваны. А вось некаторыя пакупнікі нават пры -1 гатовыя мераць вопратку на фуфайку, настолькі замярзаюць.
Руслан Куліеў падзяліўся сакрэтам, што мароз часам вельмі добры для продажаў.
— Калі ў моцны мароз пакупнік падыходзіць да павільёна і нешта доўга разглядае, вялікія шансы, што набудзе, — адзначае прадавец. — Холадам купляюць тое, што кінулася ў вочы.
Жанчын на рынку ратуюць і валёнкі. Адна з прадстаўніц прыгожага полу Вольга надзявае яшчэ чацвёра шкарпэтак, дапамагае і цёплая хустка, якую накідае на пухавік.
Пры -30 не будзем здзекавацца з людзей
Нягледзячы на мароз, кіпіць работа і на будаўніцтве шматпавярховага дома па вуліцы Валынца.
— Кожную гадзіну работнікі ходзяць грэцца ў бытоўку, — адзначае начальнік участка Аляксандр Пальчэўскі. — Пакуль яшчэ невялікія марозы, аднак пры -30 не будзем здзекавацца над людзьмі.
У цэмент, з дапамогай якога робяць кладку, дадаюцца спецыяльныя супрацьмарозныя дадаткі. Можна не хвалявацца, што будаўніцтва ў мароз нейкім чынам адаб’ецца на трываласці будоўлі. Цэмент падвозяць праз кожныя дзве гадзіны. За якасцю будаўніцтва сочыць і тэхнагляд, спецыялісты прыязджаюць праз дзень.
Што работа грэе, бачна і па жыццярадасных тварах работнікаў. Падысці да іх не атрымалася, аднак на нашы крыкі, як працуецца ў мароз, яны адказалі пальцамі, паднятымі ўгору, — выдатна.
Па сабе мы адчулі, чым больш знаходзішся на вуліцы, мароз не падаецца такім страшным. Спачатку мерзлі рукі, ногі, шчокі, пасля адчуванне холаду прайшло. Глядзіце на мароз не як на перашкоду, а як на добрую нагоду стаць больш загартаваным. І думайце пра лета, гэтыя думкі дакладна вас сагрэюць.