Устанавіць помнік Баторыю ў Гродне гарадскія ўлады ў бліжэйшы час не плануюць
Гарвыканкам адказаў гродзенскаму блогеру Яўгену Аснарэўскаму на яго прапанову ўсталяваць помнік Стэфану Баторыю ў Гродне. Адказ прыйшоў блогеру 26 снежня. У ім адміністрацыя патлумачыла, што стварэнне і ўстаноўка помніка за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануюцца, распавядае hrodna.life.
Нагадаем, збіраць подпісы за тое каб гарадскія ўлады пасадзейнічалі ўстаноўцы ў Гродне помніка Баторыю, Яўген пачаў 8 снежня. На 26 снежня петыцыю на платформе change.org падпісалі больш за 1300 чалавек. Знайшліся і людзі, гатовыя ахвяраваць грошы на помнік каралю.
«Напэўна, мала хто чакаў станоўчага адказу. Наогул, я прапаноўваў кіраўніцтву горада даць адказ аб магчымасці ўстаноўкі, а не пытаўся ці ёсць на гэта грошы ў бюджэце. Адказалі, што грошай няма, але ж многія гатовыя ахвяраваць на помнік, трэба толькі дабро на ўстаноўку.
Тым не менш, лічу, што гэта быў важны прэцэдэнт. За помнік сабрана больш за 1300 подпісаў, людзі пісалі каментарыі на розных мовах. Неабыякавых аказалася вельмі шмат. Усім ім трэба сказаць дзякуй», — сказаў Яўген. Ён упэўнены, што аднойчы помнік Баторыю ў Гродне абавязкова з’явіцца.
Атрымаўшы адказ з гарвыканкаму, блогер хацеў бы даведацца меркаванне грамадскасці: ці варта працягваць дыскутаваць з адміністрацыяй на тэму помніка Баторыю.
Мэтай Яўгена было даведацца пра колькасць жадаючых убачыць у горадзе помнік каралю. Ён лічыць, што яе дасягнуў.
«Петыцыя атрымала вялікую падтрымку, быў нават сюжэт па тэлебачанні. Адміністрацыя горада пачула меркаванне, што помнік неабходны. Цяпер хацелася б даведацца, ці пагодзяцца ўлады на ўстаноўку, калі сродкі збяруць самі людзі».