"Невыразны асабнячок" і "кашарны выгляд": архітэктура Мінска 1920-х гадоў вачыма сучаснікаў

Источник материала:  
21.12.2016 07:30 — Новости Общества

Большасць захаваных будынкаў міжваеннага Мінска ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Але ў гады, калі яны ўзводзіліся, шмат хто ўспрымаў такія пабудовы неадназначна. У савецкай прэсе 1920-х гадоў час ад часу з’яўляліся артыкулы з крытыкай працы беларускіх архітэктараў і будаўнікоў. TUT.BY прачытаў адзін з такіх артыкулаў і высветліў, якія будынкі Мінска 1920-х гадоў атрымалі негатыўныя ацэнкі, а якія заслужылі хвалу эксперта Міколы Шчакаціхіна.

Крытычны артыкул быў размешчаны ў часопісе «Чырвоная Беларусь» № 2 1930 года. Аўтар яго, Мікола Шчакаціхін — знакаміты беларускі мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры — вырашыў выступіць у новым для сябе амплуа крытыка сучаснай (на той момант) архітэктуры беларускай сталіцы. Мова і арфаграфія цытаванага тэкста Шчакаціхіна захаваныя.

Варта адзначыць, што капітальнае будаўніцтва ў міжваенным Мінску пачалося толькі ў 1925 годзе. Першай ластаўкай быў трохпавярховы жылы дом на рагу Савецкай (цяпер праспект Незалежнасці) і Камсамольскай вуліц. Раней новае будаўніцтва ў горадзе амаль не вялося — савецкая ўлада збольшага займалася аднаўленнем будынкаў, разбураных у Першую сусветную і Савецка-Польскую войны. Зрэшты, да пачатку 1930 года, калі выйшаў артыкул Шчакаціхіна, у сталіцы савецкай Беларусі ўжо быў узведзены шэраг грунтоўных пабудоў, а таксама пачалося будаўніцтва знакавых для горада аб’ектаў — Дома Ўрада і Дзяржаўнай бібліятэкі.


Зацемка з нумара газеты «Звязда» ад 1925 года. На жаль, узгаданы дом Дзяржстраха да нашага часу не захаваўся, ён быў знесены пры пераўладкаванні цэнтральнага праспекта Мінска ў пасляваенныя гады.

Мікола Шчакаціхін у сваім артыкуле «Новы Менск» у стылі савецкай прапаганды так апісвае будаўнічыя дасягненні сталіцы БССР: «У моцным поступе соцыялістычнага будаўніцтва стары Менск хутка зьмяняе сваё аблічча. Між мінулым захудалым, дробна-шляхецкім і дробна-буржуазным „губернским городом Минском“ і нашым цяперашнім пролетарскім Менскам, сталіцай Савецкай Беларусі цэлая прорва».


Загаловак артыкула «Новы Менск» М. Шчакаціхіна выкананы на фотаздымку будоўлі студгарадка БДУ.

Найперш Шчакаціхін адзначае прыклады ўдалай архітэктуры горада: «Акідваючы самым беглым поглядам найбольш прыкметныя з ліку новых менскіх будынкаў, лёгка, аднак, заўважыць, што найбольш удалыя з іх па архітэктурным вырашэньні прыпадаюць на будынкі ўстаноў і часткова дамы рабочых кватэр. Так, аднэй з першых у новачасным менскім будаўніцтве паўстала масыўная камяніца новага Дому Селяніна, дзе былі знойдзены досыць трапныя пропорцыі распадзелу фасадаў».


Дом Селяніна на фотаздымку 1929 года. Будынак размяшчаўся на рагу вуліц К. Маркса і Чырвонаармейскай. Яшчэ ў даваенныя гады Дом Селяніна быў моцна перабудаваны, пасля чаго ў ім размясціўся ЦК камуністычнай партыі. У вайну будынак моцна пацярпеў і на яго месцы з выкарыстоўваннем ацалелых канструкцый узведзены цяперашні цэнтральны камітэт БРСМ.

«Яшчэ лепш аформлены будынак Комунальнага банку на рагу вул. Карла Маркса і Ленінскай, у якім дасягнута лёгкае і прыгожае разьмеркаваньне архітэктурных мас з паступовым падвышэньнем да рогу, дзе высунута ўгару просталінейная надбудоўка з тонкай мэталёвай, запоўненай надпісамі, агарожай.»


Белкамунбанк у 1929 годзе.

У гады вайны будынак банку моцна выгарэў, у канцы 1940-х ён быў адноўлены але ў змененым выглядзе з элементамі пасляваеннага неакласіцызму.

«У блізка падобных формах збудаваны і новы Хэмічна-фармацэўтычны завод Белмэдгандлю, крыху сапсуты толькі залішнім абцяжараньнем рогу вялізнымі вэртыкальна разьмешчанымі па фасадах літарамі надпісаў».


Будынак хімфармзаводу «сапсаваны» надпісамі, фота 1930-х гадоў. Ад гэтага заводу бярэ пачатак сучаснае прадпрыемства РУП «Белмедпрэпараты».

Зрэшты, далей на старонках часопіса Шчакаціхін яшчэ вяртаецца да крытыкі архітэктурнага выгляду хімфармзавода: «Думаецца, што пры будаўніцтве новых соцыялістычных фабрык і заводаў пролетарская архітэктура павінна асаблівую ўвагу аддаваць выразнасьці форм для перадачы новага зьместу. Бо тут трэба выпукліць усю карэнную розьніцу: пры капіталізьме — фабрыка ёсьць жудаснае месца запрыгоненьня пролетарыяту; у нас — яна месца вольнай колектыўнай працы, адно з істотнейшых вогнішчаў соцыялістычнага будаўніцтва. Архітэктура павінна гэта падкрэсьліць, у ёй павінна адбіцца радасная моц вызваленьня працы і яе творчага ўздыму. Вось гэтага ў нашых будынках пакуль што і няма. У памянёным вышэй фармазаводзе тут кінуліся як бы ў іншую крайнасьць і зрабілі яго цалкам падобным да кожнага жылога дому, — так што адкінь з фасадаў надпісы можаш зьмясьціць у ім альбо якую-колечы ўстанову, або кватэры. А гэта таксама дрэнна, бо тут знадворныя формы архітэктуры не адпавядаюць яе зьместу».


Будынак старога заводу хімфармпрэпаратаў захаваўся ў змененым выглядзе — бакавыя фасады выраслі на адзін паверх. Даваенная пабудова знаходзіцца на рагу цяперашніх вуліцы і завулка Фабрыцыуса.

Пабудаваныя ў 1920-я гады жылыя дамы аўтар хваліць: «Нарэшце ў ліку дамоў рабочых кватэр можна памянуць як больш-менш удалыя — адзін на рагу Унівэрсытэцкай (цяпер вуліца Кірава. — TUT.BY) і Комсамольскай вул., і другі на рагу Комсамольскай і вул. Карла Маркса, праўда яшчэ ня скончаны, якія па-новаму зьмянілі ранейшы сумны выгляд сваіх кварталаў».


Жылы дом на вуліцы Кірава на фотаздымку пачатку 1930-х. Гэты будынак — адна з нешматлікіх міжваенных пабудоў, якая за амаль стагоддзе не змяніла свой выгляд і захавалася ў арыгінальным стане.

Вялікую цікавасць крытык выявіў да студгарадка БДУ — адной з галоўных будоўляў Мінска другой паловы 1920-х гадоў: «Цяжка яшчэ пакуль што казаць аб Універсытэцкім гарадку, дзе далёка ня скончаны ўвесь намечаны да пабудовы ансамбль. Але па тых корпусах, якія ўжо збудаваны, здаецца, што тут справа стаіць крыху горш. Тут бадай што ня знойдзена патрэбнае раўнавагі паміж канструкцыямі будынкаў, іх знадворным аформленьнем, прызначэньнем паасобных памяшканьняў, у выніку чаго аднастайныя, крыху прысадзістыя корпусы набылі нейкі кашарны выгляд, і хоць належна прыстасаваныя ўнутры, не выяўляюць знадворку тэй суровай паважанасьці, якая была-бы ўласьціва вышэйшаму асяродку пролетарскае асьветы ў БССР.»


Будуецца ўніверсітэцкі гарадок, фотаздымак канца 1920-х гадоў. На фоне бачны вежы Чырвонага касцёла.

Панарама пабудаваных карпусоў БДУ, пачатак 1930-х гадоў. Студгарадок моцна пацярпеў у вайну і ў пасляваенныя гады падчас рэканструкцыі цэнтральных раёнаў Мінска і будовы метрапалітэну, таму да нашага часу часткова захавалася толькі тры даваенныя карпусы ўніверсітэта.

Шчакаціхін крытыкаваў таксама і выбар пляцоўкі для размяшчэння студгарадка: «Нарэшце, час ужо зьвярнуць у Менску ўвагу на самае разьмяшчэньне будынкаў і іх ансамблі. Сапраўды, самыя месцы для пабудоў абіраліся ў нас часта выходзячы толькі з гаспадарчых меркаваньняў Комгасу (Упраўленне камунальнай гаспадаркі г. Мінска. — TUT.BY). Такім спосабам, напрыклад, Унівэрсытэцкі гарадок апынуўся побач з чыгункай і заціснуты ў бок ад галоўнае вулічнае магістралі, а галоўны корпус нават выходзіць на Савецкую вуліцу не фасадам, але бокам».


Галоўны корпус БДУ на здымку 1930-х гадоў. Будынак сапраўды выходзіў на вуліцу Савецкую (будучы праспект Незалежнасці) бакавым фасадам, але ў праекце студгарадка было закладзена, што галоўны фасад корпуса павінны выходзіць на новую плошчу (будучую плошчу Незалежнасці), якой на момант напісання артыкула ў пачатку 1930 года яшчэ не было.

Праект універсітэцкага гарадка БДУ, канец 1920-х гадоў. Гэты малюнак унікальны тым, што на ім выяўлена адна з першых спробаў арганізацыі новай галоўнай плошчы сталіцы — плошчы Леніна цяперашняй Незалежнасці. У канцы 1920-х гадоў свае прапановы наконт новай плошчы ўносіў і знакаміты архітэктар Іосіф Лангбард, калі рыхтаваў праект Дома Ўраду. Далёка не ўсё з запланаванага ў праекце ўніверсітэцкага гарадка ў выніку было рэалізавана. Тая ж плошча перад галоўным корпусам БДУ (ён захаваўся да нашага часу і знаходзіцца ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка) з’явіцца на мапе Мінска толькі ў пасляваенныя гады, а знаёмы ўсім мінчанам і гасцям сталіцы выгляд — з падземным гандлёвым цэнтрам і фантанамі — плошча Незалежнасці атрымае толькі ў 2000-я.

Далей у артыкуле Шчакаціхін крытыкуе новы корпус кандытарскай фабрыкі «Камунарка»: «Таксама ўжо зараз можна падкрэсьліць шэраг недахватаў у фабрычна-заводзкім і клюбным будаўніцтве. У будаўніцтве новых фабрык у Менску пакуль што яшчэ адчуваецца як-бы падыход са старымі меркамі і адхіленьне ўсялякіх архітэктурных задач. Толькі гэтым можна вытлумачыць, напрыклад, зьяўленьне такога змрочнага, монотоннага, чыста „фабрычнага“ ў найгоршым старым сэнсе корпусу, як новы будынак Кондытэрскае фабрыкі на Ляхаўцы. Справа ў недастатковай архітэктурнай прадуманасьці проекту, у голай яго ўтылітарнасьці».


Новы корпус фабрыкі «Камунарка», фота 1930-х гадоў. Будынак да нашага часу цалкам не захаваўся, на яго месцы паўсталі новыя цэхі прадпрымства.

«Ня лепей стаіць справа і з будаўнцтвам рабочых клюбаў. Асабліва няўдала пабудаваны на Ўнівэрсытэцкай вул. маленькі „нявыразны асабнячок“ клюбу мэталістых. Выгляд яго нейкі мізэрны і няпрытульны. Думаецца, што толькі стаўшы на шлях аб’яднаньня клюбаў па некалькі ў адным памяшканьні, можна стварыць тыя паважныя і прываблівыя будынкі, якія павінны быць вогнішчамі культурнае рэволюцыі і месцамі культурнага рабочага адпачынку».


Клуб металістаў у Мінску не перажыў вайну. Ён размяшчаўся на вуліцы Кірава ў раёне старых кас стадыёна «Дынама». Будынак паводле аналагічнага праекту быў узведзены ў Віцебску і захаваўся да нашага часу.

У сваім артыкуле Мікола Шчакаціхін апісвае таксама і аб’екты, якія толькі пачалі будавацца ў Мінску таго часу: «Нельга, аднак, не адзначыць, што ў бліжэйшай будучыні ў Менску ўжо намячаецца зьнішчэньне шмат якіх з адзначаных хібаў асабліва ў двох новых будынках, якія самае большае праз два будаўнічыя сэзоны ўжо будуць закончаны і стануць, бязумоўна, найлепшымі ў ліку іншых будынкаў новага Менску. Адзін з гэтых будынкаў Дзяржаўная Бібліотэка — будзе адным з узорных прыкладаў прыстасаваньня архітэхтурнае конструкцыі да мэтаў навукова-культурнае ўстановы. Увесь поўны сьвятла, як-бы пераважна шкляны, ён прыгожа распадзяляецца на два функцыянальна розныя крылы, аб’яднаныя вялізным уваходам, падкрэсленым лёгкім паўкругам, які быццам шырока заклікае бясконцыя масы працоўных да скарбніцы ведаў перахаваных у будынку, які высока падымаецца з задняга пляну ў выглядзе масыўнага паасобнага кнігасхову».


Праект Дзяржаўнай бібліятэкі архітэктара Георгія Лаўрова, канец 1920-х гадоў. Масіўнае кнігасховішча ў левай часцы будынка, пра якое пісаў Шчакаціхін, у выніку так і не будзе пабудавана.

«Другі будынак — гэта Дом Ўраду, які мае быць самай грандыёзнай пабудовай у Менску, цалкам адпаведнай яе выключна высокай ролі. Проект яго зацьверджаны пакуль што толькі асноўны, яшчэ схэматычны, але і з яго ўжо відаць усё тое надзвычайна ўдалае архітэктурнае цэлае, якое хутка паўстане на адным з кварталаў Савецкае вуліцы. Строгі, паважны, сымэтрычны плян падзеліць усю пабудову на шэраг сьцісла зьвязаных між сабою паасобных корпусаў, два з якіх вышынёю па пяць паверхаў кожны, выйдуць з бакоў на самую вуліцу, а далей паступова падвышаючыся пойдуць у глыбыню адкрытага з боку вуліцы двара, затым павярнуўшы з абодвых бакоў пад простым кутом і, дасягнуўшы ўжо вышыні сямі паверхаў, яны стройна зыйдуцца ў сярэдзіне з асноўнымі корпусамі, якія вынясуць самую сярэдзіну пабудовы на яшчэ нябачаную ў Менску вышыню дзесяці паверхаў. 3 пабудоваю Дому Ўраду пролетарскае будаўніцтва Менску бяспрэчна адсьвяткуе сваю самую значную перамогу. Але, зразумела, яна ня будзе апошняй».


Праект Дома Ўрада прапанаваны архітэктарам Іосіфам Лангбардам ў 1929 годзе па выніках усесаюзнага архітэктурнага конкурсу.

«Новы Менск», напісаны Шчакаціхіным у пачатку 1930 года. Артыкул, пэўна, быў апошнім ягоным тэкстам, надрукаваным у беларускай савецкай прэсе таго часу. Ужо ў ліпені 1930 года даследчык будзе арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Па выніках судзілішча, Шчакаціхін будзе накіраваны ў пяцігадовую ссылку ў Башкірыю, па заканчэнні гэтага тэрміну навуковец будзе зноў арыштаваны і паўторна асуджаны. Мікола Шчакаціхін памрэ ад сухотаў у Белебеі ў 1940 годзе, так і не пабачыўшы новых перамог пралетарскага будаўніцтва Мінска.

Крыніцы ілюстрацый: часопіс «Чырвоная Беларусь» (№ 2, 1930), кнігі «Мінск незнаёмы: 1920−1940» (І.Куркоў, 2002), «Дом Правительства Белорусской ССР: Краткий очерк» (А.А.Воінаў, 1975), «Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет» (А.М.Платун, 1931), фота аўтара.

←Святителя Николая почтили в Бресте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика