Амбасадары Швецыі і Фінляндыі: Мы не блакуем сайты і не закрываем газеты
У Швецыі і Фінляндыі фактычна адмовіліся ад практыкі закрыцця СМІ, там няма заблакаваных сайтаў. Амбасадары распавялі ў Мінску пра сітуацыю з медыямі ў двух краінах беларускім журналістам.
«На практыцы мы не прымяняем блакіроўку сайтаў і закрыццё СМІ. Аднойчы адная дзяржава папрасіла нас закрыць адзін сайт, бо яны вельмі агрэсіўна пісалі пра іх дзяржаву на рускай мове. Магчыма, мы б закрылі гэты сайт, аднак яны перавялі серверы ў іншую краіну», - прыгадаў амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг.
Падтрымаў калегу і пасол Фінляндыі ў Літве Крыстэр Міхельсон. «У законе такая магчымасць ёсць, але яе вельмі складана прымяніць на практыцы», - адзначыў ён.
Дыпламаты прызналі, што прапаганда з'яўляецца праблемай для медыяпрастораў абодвух краінаў, адказваючы на пытанне БДГ.
«Прапаганда забароненая, калі ёсць рашэнне суда. Змагаемся з ёй», - адзначыў Міхельсон.
Па словах Оберга, адзін час у Швецыі працаваў сайт «Спутник.se» (сетка расійскіх сайтаў, створаных для распаўсюду афіцыйнай і прапагандысцкай інфармацыі з Масквы за мяжой, сайт «Спутнік» працуе і ў Беларусі), але ён быў вымушаны закрыцца праз нізкую цікаўнасць чытачоў да яго.
Над тым, каб выпраўляць непраўдзівую ці непрафесійную інфармацыю, дадаў шведскі пасол, працуюць і амбасады Швецыі ў розных краінах. «Больш-менш прафесійныя СМІ нават у Расіі ідуць на тое, каб выпраўляць непраўдзівую інфармацыю», - адзначыў дыпламат.
Амбасадары падкрэслілі шырокую даступнасць інфармацыі для СМІ, журналістаў і грамадзян у іх краінах: па іх словах, можна даведацца практычна любыя дадзеныя, якія не былі абвешчаныя забароненымі для распаўсюду з тлумачэннямі прычынаў.