"Выкладчык Паўлавец - здраднік". Ля БДУІР адбыліся пікет і сутычка з дружыннікамі
Акцыя, арганізаваная грамадзкай арганізацыяй «Альтэрнатыва» на чале з Алегам Корбанам, пачалася ў 15.00 ля галоўнага корпусу БДУІР, дзе працуе выкладчыкам паліталогіі арыштаваны прарасейскі прапагандыст Юры Паўлавец.
Дзясятак пікетоўцаў прыйшлі з расцяжкай «Выкладчык Паўлавец — здраднік». Удзельнікі скандавалі: «Ганьба фашыстам! Ганьба адэптам «рускага свету!»
— Мы хочам паказаць кіраўніцтву ўнівэрсітэту, што ёсць група беларусаў, якія выступаюць супраць так званых прарасейскіх публіцыстаў, — сказаў Свабодзе Алег Корбан. — Таксама хочам давесьці да рэктарату, што варта больш уважліва ставіцца да падбору кадраў. Людзі, якія называюць Беларусь «недадзяржавай», а беларусаў - «неданацыяй», не павінны мець акадэмічнай пляцоўкі для выказвання сваіх думак. Нашы актывісты гатовыя мірнымі спосабамі пікетаваць месцы, дзе жывуць і працуюць людзі кшталту Паўлаўца.
Неўзабаве з будынку БДУІР выйшлі чацвёра маладых людзей, адзін з іх быў у камізэльцы з надпісам «добраахвотная дружына».
Яны пачалі наступаць на пікетоўцаў, завязаўся канфлікт. Да маладзёнаў далучыўся мужчына, які назваўся «выкладчыкам».
«Дружыннікі» выхапілі папяровую расцяжку з рук Корбана і пакамечылі яе.
Дыялог адбываўся на падвышаных тонах. Асноўнай прэтэнзіяй з боку «дружыны» стала тое, што пікетоўцы «парушаюць грамадзкі парадак».
— А ваш выкладчык нічога не парушае, калі распальвае міжнацыянальную нянавісць? — запытаў Корбан.
Студэнт Андрэй Карпіцкі меў на камізэльцы адмысловае пасведчанне «дружынніка». На пытанне карэспандэнта Свабоды, якую структуру ён прадстаўляе і чаму нападае на пікет, адказаў:
— Дружына — гэта такое ахоўнае абʼяднанне ўніверсітэту. А гэтыя людзі хай не крычаць тут, хай сыходзяць…
Нечакана да канфлікту далучыўся прарэктар БДУІР па выхаваўчай працы Дзмітрый Кузняцоў. Ён паведаміў, што «Паўлавец не затрыманы, а проста не выходзіць на працу». Падрабязней пракаментаваць гэтае сцвярджэнне Кузняцоў адмовіўся. Тым часам супрацоўнікі ўніверсітэту выклікалі міліцыю.
Алег Корбан з паплечнікамі вырашылі сысці да прыезду праваахоўнікаў, каб пазбегнуць затрымання.
— Паўлавец быў класным выкладчыкам. Вельмі добра разбіраўся ў палітыцы, — кажа студэнт Павел, які назіраў за тузанінай — адно шкада, няма ў нашай краіне свабоды слова.
— Ц-с-с, лухту кажаш, Паша! — перабіла хлопца аднагрупніца. — Свабода слова ў нас, канечне ж, ёсць.
Нагадаем, 6 снежня Следчы камітэт затрымаў адразу двух калумністаў расійскіх выданняў Regnum, Lenta.ru і EADaily. Адзін з іх мінчанін, выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец, другі — школьны ахоўнік з Брэста Дзмітрый Алімкін. 9 снежня прыйшлі паведамленні пра затрыманне трэцяга публіцыста Regnum Сяргея Шыпценка.