"Бальзам Бітнэра вынайшлі гарадзенцы" - як працуе адзіная ў Беларусі аптэка-музей
Адзіная ў Беларусі аптэка-музей, што ў Гродна, сёлета адзначыла сваё 20-годдзе. Невялікая экспазіцыя музею адлюстроўвае гісторыю станаўлення аптэкарскай справы не толькі ў Гродна, але практычна ва ўсёй Беларусі.
Аптэка-музей месціцца ў цэнтры Гродна ў памяшканні адной з самых старых дзейных дагэтуль аптэк Беларусі, якая была пабудавана езуітамі на пачатку 18 стагоддзя.
З 1687 да 1709 году ў езуітаў была аптэка толькі «для сваіх». А з 1709-га адчынілася аптэка для ўсіх гараджан, якая працавала аж да сярэдзіны 1953 году. Пасля перапынку, у 1996-м, яна не толькі адрадзілася, але дзякуючы намаганням гродзенскай фармацэўтычнай фірмы «НПК Біятэст» быў створаны музей аптэкарскай справы.
Па залі з экспанатамі мяне праводзіць загадчыца музею Вікторыя Ткачова. Кажа, што экспазіцыю распрацавала сама, нават мэблю па замове рабілі паводле яе эскізаў.
«Шмат давялося перагледзець матэрыялаў з інтэрʼерамі, альбомамі старых аптэк, бо апісанняў нашай аптэкі захавалася няшмат. Да прыкладу, у Польшчы існуе каля 10 аптэк-музеяў, ёсць таксама ў Каўнасе. А ў нас, на жаль, адзіная такая музей-аптэка. Я адпачатку ўяўляла, як павінна выглядаць аптэка. Вось у нас і атрымалася лабараторыя і экспазіцыйная заля».
Мы падыходзім да лабараторыі. Вікторыя Ткачова нагадвае, што аптэк без лабараторый наогул не існавала:
«У нас прадстаўлены самы старажытны від аптэчнай лабараторыі - так званая зёлкавая, ці інакш „какторый“ — ад лацінскага слова, якое перакладаецца як „варыць“. І галоўным з абсталявання тут лічылася печка, на якой усё варылася. У нас захаваліся і рознага кшталту пасудзіны: рондлі, патэльні, хлякі, друшлякі, сіта, шалі самага рознага кшталту, якія выкарыстоўваліся ў аптэках. Ну вось, да прыкладу, шалі Квінціца, а на падаконніку — Бэранжэ. Яны названыя ў гонар сваіх вынаходнікаў. А вось пасудзіна з кобальтавага шкла — гэта Англія, канец ХVIII стагоддзя. Пасудзіна такой формы называлася — вялікі аптэчны шар».
У лабараторыі таксама ёсць вялізная ступа, а побач бронзавая пасудзіна перавозіць мінеральную ваду. Раней мінеральную ваду рабілі ў аптэках і перавозілі ў адмысловым начынні. На нашай пасудзіне стаіць кляймо: Магістрат Горадня. Мінеральную ваду ў Гродна пачалі прадукаваць на пачатку ХХ стагоддзя.
«Наогул аптэка заўсёды лічылася шматпрофільнай вытворчасцю. Тут і ваду рабілі, і пяклі рознае печыва — пернікі, пірожныя, шакалад, цукеркі. Лічылася, што гэтым можна было аздаравіцца. А фабрыкі па выпуску, скажам, цукерак і шакаладу з’явіліся ўжо ў другой палове ХІХ стагоддзя. Парфума таксама была аптэчнай вытворчасцю — духі, адэкалоны, розныя крэмы, памады. Больш за тое, нават віно, лікёры, бальзамы і адмысловую гарэлку таксама рабілі ў аптэцы. І піва лекавае таксама тут выраблялі.
Пасля такога аповеду становіцца цяжка ўявіць, па якія лекі ў аптэку ХVIII ці ХІХ стагоддзя наведваліся людзі. Вікторыя Ткачова кажа, што аптэкі ў той час мелі трошкі іншую функцыю і гандлявалі пераважна травамі, спецыямі. Травы ж былі і мясцовыя, і экзатычныя. Езуіты мелі побач свой сад, а яшчэ сады ў 28 навакольных вёсках і сямі фальварках.
«Сучасная аптэка з’явілася на пачатку ХХ стагоддзя. А раней іх можна было параўнаць з навуковымі і вытворчымі цэхамі. На пачатку ХХ стагоддзя было ўжо і шмат разнастайных лекаў, пра якія многія з нас нават і не чулі. Да прыкладу, пазалочаныя пілюлі, іх таксама серабрылі. Яны нават захаваліся ў нашым музеі - ім больш за сто гадоў. Былі лекавыя сродкі ў выглядзе папяросаў - таксама ў нас захаваліся — астмасан. У іх складзе — лісце беладонны, блёкату, дурману».
Цікаўлюся ў Вікторыі, якія экспанаты ў музеі лічацца найбольш каштоўнымі. Аказалася, што ў аптэцы захаваліся хірургічныя інструменты таго часу, калі ў Гродна рабілі ўскрыццё цела караля Стэфана Баторыя. 430 гадоў таму ён памёр у гэтым горадзе.
Cynosura (медыцынскі ўказальнік) на лацінскай мове, выпушчаны ў Страсбуры ў 1783 годзе
Цікаўлюся, ці вынайшлі беларускія фармацэўты якія-небудзь лекі, якімі потым пачалі карыстацца ва ўсёй Еўропе?
Вікторыя падводзіць мяне да чарговага стэнда:
«Ну вось „Бальзам Бітнэра“, яго адкрылі якраз нашы фармацэўты. Яны валодалі на Гродзеншчыне дзвюма аптэкамі: адна з іх была побач з Ваўкавыскам і яшчэ адна ў Свіслачы. У нас захаваліся сігнатуры з іх аптэкі. І тут вось напісана: доктар медыцыны Адольф Бітнэр. Праўда, яны праславіліся дзякуючы свайму бальзаму толькі пасля Другой сусветнай вайны».
Спадарыня Вікторыя кажа, што цікаўнасьць да гродзенскага музею-аптэкі ў людзей вялікая. Сюды часта заходзяць турысты, і для большасці з іх тое, што яны тут бачаць і чуюць ад экскурсавода, — проста дзіва.
«Вельмі часта людзі кажуць, што нічога падобнага раней не бачылі, нават не ўяўлялі сабе, што падобны музей існуе. Маўляў, па-сапраўднаму акунуліся ў мінулае. Адзначаюць, што тут вельмі прыемная атмасфера».
Сапраўды дзіва, колькі цікавага пра гісторыю можна даведацца ў, здавалася б, невялікім музеі-аптэцы. І таксама варта здзіўленьня, што падобны музей у Гродна адзіны ў Беларусі. Вядома ж, што аптэкі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі і раней, чым тая гродзенская.