У Iвацэвiцкiм раёне абкрадвалi трэнера хакейнай каманды з Наваполацка
Івацэвіцкім райаддзелам Следчага камітэту завершана расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце крадзяжу грошай у К., трэнера хакейнай каманды з Наваполацка, які ў жніўні адыходзячага года прыязджаў са сваёй камандай на спартыўныя зборы ў Івацэвічы.
К. разам са сваімі хакеістамі пасяліўся на часовае пражыванне ў інтэрнат Івацэвіцкага прафліцэя сельгасвытворчасці. У адзін з днёў ён заўважыў, што прапалі грашовыя сродкі. У ходзе следства ўстаноўлена: крадзеж грошай на сумленні трох непаўнагадовых хлопцаў - навучэнцаў Івацэвіцкага прафліцэя, якія пражывалі на адным паверсе з пацярпелым.
Падчас крадзяжоў тройка сяброў дзейнічала дастаткова хітра: грошы пасля пранікнення ў пакой яны кралі невялічкімі сумамі, каб гаспадар не заўважыў прапажу. К. спачатку быў настолькі няўважлівы, што хлопцы паспелі набыць па матацыклу, пакуль у рэшце рэшт пацярпелы не спахапіўся і не выклікаў міліцыю.
За свае злачынныя дзеянні тройка сяброў ужо пакараная: адзін з іх, раней судзімы за крадзеж, атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, у адносінах да двух другіх прымянілі меры выхаваўчага характару.