"Будзьма беларусамі!" распачала праект, прысвечаны ахвярам савецкіх рэпрэсій
Кампанія «Будзьма беларусамі!» распачала мультымедыйны праект «Будзьма памятаць!», прысвечаны ахвярам савецкіх рэпрэсій.
У наступным годзе ў Беларусі будуць адзначаць сумную гадавіну — 80 гадоў піку вялікага тэрору 1937 года, калі былі здзейсненыя найбольш масавыя рэпрэсіі. Агулам у СССР рэпрэсіі, у тым ліку ў Беларусі, ішлі хвалямі: ад 1917 года і да смерці Сталіна яны то сціхалі, то мацнелі, але практычна не спыняліся, а бліжэй да 1930-х набылі сістэмны характар. Апагей рэпрэсій прыпаў на 1937−1938 гг. Паводле розных ацэнак, у Беларусі пацярпелі ад 625 тысяч да 1,5 мільёна жыхароў. Была вынішчаная нацыянальная інтэлігенцыя.
Памяць пра многія падзеі сціраецца, месцы расстрэлаў зарастаюць травой, а будынкі набываюць сучасны выгляд і нічым не нагадваюць пра трагічныя падзеі тых часоў. Практычна па ўсёй нашай краіне раскіданыя непрыкметныя цяпер мясціны, дзе прыводзіліся ў выкананне прысуды «троек», а несправядліва абвінавачаныя знаходзілі свой спачын. Пра іх важна ведаць і памятаць, каб трагедыя, што нанесла непаўторную шкоду беларускаму народу, не паўтарылася.
Новы мультымедыйны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» дасць магчымасць з іншага ракурсу паглядзець на быццам добра вядомыя Бабруйск, Слуцк, Вілейку, Жлобін ды іншыя гарады і вёскі Беларусі, асабліва тыя, што ўжо ў канцы 1920-х пачалі падвяргацца прымусовай калектывізацыі. Матэрыялы праекта распавядуць пра некаторыя малавядомыя мясціны нашай краіны, якіх не абмінулі рэпрэсіі: як пра месцы расстрэлаў, так і пра турмы, дзе ўтрымлівалі і дапытвалі рэпрэсаваных. Перад чытачамі паўстануць гісторыі простых людзей, якія сталі ахвярамі жорсткай эпохі.
Тэксты падрыхтаваў калумніст budzma.by Дзяніс Пыхалаў, а іх мастацкае аздабленне зрабіў вядомы фатограф Андрэй Лянкевіч.
Першы матэрыял прысвечаны вёсцы Сілівонаўка, што ля Жлобіна.