Унікальны драўляны лямус у Гродне дачакаўся рэстаўрацыі
Пра стварэнне музея каталіцкай дыяцэзіі ў драўляным лямусе на тэрыторыі былога брыгіцкага манастыра гаварылі яшчэ тры гады таму. Унікальны помнік шмат год стаяў закінуты і знішчаўся. Толькі цяпер размовы робяцца больш рэалістычнымі. Ужо ў кастрычнiку спецыялісты, у тым ліку запрошаныя адмыслоўцы з Польшчы, маюць пачаць працы па рэстаўрацыі ўнікальнага будынка XVIIІ стагоддзя, распавядае «Твой стыль».
Гарадзенскі лямус — адзін з самых старых драўляных аб’ектаў у Беларусі. Аднаўленне яго стане важнай часткай маштабнай шматгадовай рэканструкцыі ўсяго комплексу брыгіцкага манастыра, дзе ў савецкія гады размяшчалася псіхіятрычная бальніца.
Пасля рэстаўрацыі ўсяго комплексу тэрыторыя, дзе знаходзіцца лямус, стане адкрытай для ўсіх. У музеі выставяць мноства экспанатаў, якія зараз ёсць у каталіцкай дыяцэзіі. Сярод іх: рэдкія асобнікі кніг і дакументы XVII-XIX стагоддзяў.
Зараз распрацоўваецца дакументацыя на аднаўленчыя работы. Як і планавалася раней, тут будзе музей дыяцэзіі. Што тычыцца дазволаў на працы, то ўсё ўжо падрыхтавана і ўзгоднена з Міністэрствам культуры.
«Працы пачнуцца прыкладна праз месяц. У гэтым годзе плануем рэалізаваць першую ступень — замяніць падмурак, бо стары ўжо цалкам не прыдатны, — адзначыў ксёндз Аляксандр Сасноўскі, які адказвае за рэстаўрацыю лямуса.
Таксама рабочыя ачысцяць памяшканне ўсярэдзіне ад смецця і лішніх элементаў, якія з’явіліся ў савецкі час. Калі час і фінансы дазволяць, то адразу пасля гэтага пачнецца замена драўляных канструкцый, якія прагнілі - перадусім элементаў каля падмурка.
«Для нас галоўная задача — захаваць гэты помнік гісторыі. Перад зімой зоймемся поўнай кансервацыяй даху, каб не залівала. Тое, што мы зараз маем каштоўнага — на 100% захаваем», — кажа ксёндз.
Гарадзенскі лямус — двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны ў традыцыях беларускага народнага дойлідства, выкладзены з масіўных брусаў, без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў. Верагодна, пабудаваны ў другой палове XVIII ст., хаця і сёння дзе-нідзе ў літаратуры датуецца 1630 годам.