У цэнтры Гродна незвычайныя вялікія тараканы тэрарызуюць мясцовых жыхароў
Незвычайныя тараканы турбуюць жыхароў дома па вуліцы Карла Маркса ўжо восем гадоў. Вялікія насякомыя выпаўзаюць ноччу з-пад падлогі і розных шчылін. Мясцовыя кажуць, што праблема пачалася пасля таго, як у іх стогадовым жыллі сталі рамантаваць дах. Гэтыя вялікія тараканы перыядычна з’яўляюцца ў агульным калідоры. Мяркуецца, што насякомыя запаўзаюць туды праз падвал і гарышча. Занепакоеныя жыхары кажуць, што, магчыма, насякомыя жывуць i ў дранцы, якая знаходзіцца паміж сцен старога дома, распавядае «Твой стыль».
«Да рамонту такіх тараканаў у нас не было. Былі раней звычайныя прусакi, так мы іх хутка вывелі. А з гэтымі складаней, з імі нават жывёлы не хочуць звязвацца. Тараканы могуць быць памерам з вялікі палец. Калі ідзеш па калідоры і ўключаеш святло, яны разбягаюцца, але злавіць каго-небудзь не тое што складана, а проста страшна», — кажа жыхарка дома Ірына.
У 2008 годзе, калі тараканы толькі з’явіліся, жыхары звярталіся ў мясцовы ЖЭС. Тады ж прыйшоў спецыяліст, які сказаў, што гэта завезеныя тараканы і ў Гродне такіх няма. Тараканаў атруцілі, але з часам яны вярнуліся. «Спецыяліст іх тады назваў „бананавымі“, але адкуль у нас могуць быць такія тараканы? Праз гады тараканы зноў з’явіліся. У мяне маленькія дзеці - страшна і непрыемна, калі такія вялікія насякомыя бегаюць па хаце. Невядома, што яны сабой уяўляюць», — сказала маладая жыхарка дома Ганна.
Каб даведацца, з якімі тараканамі жыхары маюць справу, злавілі дзве асобіны. Энтамолаг, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл ГрДУ Аляксандра Рыжая распавяла, што ў доме на Карла Маркса жывуць чорныя ці ўсходнія тараканы — Blatta orientalis. Такія тараканы могуць дасягаць у даўжыню 2−8 см.
Як усе тараканы, гэты від шкодны не столькі сам па сабе, а тым, што забруджвае прадукты і памяшканне. Чорныя тараканы меней рухомыя, чым іншыя сінантрапныя віды, дрэнна скачуць і зусім не лятаюць.
«Калі вельмі турбуюць, лагічней за ўсё звярнуцца ў санстанцыю і замовіць вытраўленне іх. Дзіўна, чаму жыхары дагэтуль гэтага не зрабілі. З майго пункту гледжання, як энтамолага, нічога страшнага — проста трэба сачыць за сваімі рэчамі і асабліва прадуктамі, усё павінна быць герметычна запакавана. Тараканы — найстаражытнейшыя насякомыя, жывуць на нашай планеце больш за 300 млн гадоў, таму пытанне „адкуль яны“ застаецца без адказу. Яны былі заўсёды, яшчэ да нас. Канкрэтна радзіму чорных тараканаў ніхто дакладна не ведае, бо яны рассяліліся па Еўропе яшчэ ў рымскія часы, разам з легіёнамі, так што мяркуюць, што іх радзіма — Пярэдняя Азія, таму і названы яны „ўсходнімі“ тараканамі. Гэты від не такі ўсюдыісны як рыжы, труціцца досыць лёгка. У маёй калегі таксама ў ванным пакоі калісьці жылі, бо дом таксама даволі стары, дык яна іх лёгка панішчыла хатнімі сродкамі. Іх месца хуценька занялі рудыя тараканы», — сказала энтамолаг Аляксандра Рыжая.
Blatta orientalis — так па-латыні завецца чорны таракан. Бліжэйшыя сваякі ўсходняга таракана жывуць на аўстралійскім і афрыканскім кантынентах. Сам ён распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У нашы дні вялікія чорныя тараканы сустракаюцца ў кватэрах значна радзей, чым іх рудыя браты. Даўней жа на нашых землях менавіта чорныя тараканы жылі ў падвалах і каморы. Лічылася, калі ў хаце ёсць тараканы, то і людзі, якія жывуць у ёй, не маюць ні ў чым патрэбы.