Памяці Валянціны Быкавай
7 ліпеня — дзень народзінаў Валянціны Уладзіміраўны Быкавай. Сястры Васіля Быкава. Сёння ёй споўнілася б 90. Не дажыла…
27 мая нейкі зламыснік залез да яе ў хату. Яна выйшла на шум — і яе збілі. Зламалі руку, пераламалі рэбры. Па сутнасці, забілі — да апошняга дня праляжала яна ў віцебскай лякарні і там памерла...
Не стала яе 4 ліпеня. За тры дні да юбілею.
Мы бачыліся з ёй выпадкамі, але абавязкова — у дзень народзінаў яе брата Васіля. Вось і гэтым разам заехалі да яе ў Ваўчо, папілі гарбаты і сталі збірацца далей у дарогу. А яна раптам кажа: “Чакайце! У мяне ж Васілёў падарунак ёсць. Больш за дваццаць год ужо стаіць...” І прынесла са спратаў пляшку “Зуброўкі”, вырабленую ў 1993 годзе.
Кароткае застолле з быкаўскай “Зуброўкай” вы й можаце пабачыць у гэтым відэа. “Зуброўку” мы не дапілі, пакінулі яе на дзень народзінаў гаспадыні. Дык давайце ўявім, што сёння з ёй разам мы гэты дзень святкуем. 90-ты дзень народзінаў адной з самых светлых жанчын, якія сустракаліся мне ў жыцці...
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ