Валянціну Быкаву пахавалі побач з мужам. У жалобнай цырымоніі дамаглі ўлады
Развітанне з сястрой Васіля Быкава, якая памерла 4 ліпеня ў абласной бальніцы, адбылося ў яе роднай хаце ў вёсцы Ваўчо ва Ушацкім раёне. Тут яна правяла сваю апошнюю ноч. Паводле тастамэнту (духоўнага завяшчання), жанчыну пахавалі каля мужа, які памёр шмат гадоў таму.

Учора нябожчыцу даставілі з абласной бальніцы, дзе Валянціна Быкава знаходзілася на лячэнні з 30 мая. За чатыры дні да гэтага, 27 мая, на пажылую жанчыну, якая жыла адна, уначы напаў невядомы зламыснік, які нанёс ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні. Па гэтым факце завялі крымінальную справу.
Пахаваннем займаліся мясцовыя ўлады — райвыканкам і райсавет. Яны арганізавалі дастаўку цела, пахаванне, жалобны стол. Сацыяльныя службы прывялі ў парадак падворак і могілкі.
Развітацца з цёткай прыехалі сыны Васіля Быкава — Васіль і Сяргей, сын яе малодшага брата, які з’яўляецца загадчыкам музея-сядзібы Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі. Таксама былі журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка і ўдава Рыгора Барадуліна — Валянціна Барадуліна.
Сястра Васіля Быкава нарадзілася 7 ліпеня 1926 года, да свайго 90-годдзя яна не дажыла чатыры дні.