«Узнагароды краін свету»… падарожнічаюць па Беларусі
На днях вельмі цікавая выстава «Узнагароды краін свету» пакідае ўтульныя сцены Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і накіроўваецца ў Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, а таксама ў музей-сядзібу М. К. Агінскага ў Залессі (Смаргонскі раён)
Гэты выставачны праект рэалізуецца ў межах дамовы аб супрацоўніцтве Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Тракайскага гістарычнага музея. Апекуном праекта з’яўляецца Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. Партнёрам выставы выступіла кампанія «Белдзяржстрах». Тракайскую частку ў Мінску прадстаўлялі дырэктар музея Віргіліюс Павілюнас, галоўны захавальнік — намеснік дырэктара Алег Шавялёў, загадчык аддзела фондаў Ірэна Сенулене. Яны ж абяцалі быць на адкрыцці і ўсіх наступных выстаў.
Выстава «Узнагароды краін свету» з фондаў Тракайскага гістарычнага музея змяшчае больш за 120 ордэнаў і медалёў з 42 дзяржаў Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Еўропы: Бельгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Егіпет, Італія, Панама, Польшча, Румынія, Японія… Значную частку — 31 экспанат — складаюць старыя і новыя ўзнагароды Літоўскай Рэспублікі.