Пісалі Гілевіча. У Гродна прайшла традыцыйная беларуская дыктоўка
Дзевяты год запар у абласным цэнтры ладзіцца беларуская дыктоўка. Па традыцыі, вядоўцу выбіраюць сярод вядомых людзей горада. Сёлета дыктаваў бард і актор Віктар Шалкевіч. Кожны год выбіраецца адмысловы твор, які напішуць гарадзенцы. У гэтым годзе прапанавалі эсэ Ніла Гілевіча «Шчаслівы абдзіраўца».
— «У Мінск я прыехаў пад вечар, пераначаваў у знаёмых і назаўтра, як толькі развіднела, ужо быў на Камароўцы. Дзень выдаўся марозны, да таго ж ветраны, але людзей на базары — процьма», — старанна выводзілі прысутныя.
Беларуская дыктоўка — гэта не праверка ведаў. Гэта сваеасаблівая даніна пашаны роднай мове. Кожны год на мерапрыемства збіраецца каля 100 чалавек. Традыцыйна прыходзяць сем’ямі, з дзецьмі. Шмат моладзі, студэнтаў і сталых людзей.
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701991962523.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992013931.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992053768.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992109077.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992156540.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992198405.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992247640.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2016/04/1459701992300826.jpg)
Перад дыктоўкай пра Ніла Гілевіча, які памёр 29 сакавіка, некалькі словаў распавёў прафесар Аляксей Пяткевіч. А некалькі вершаў паэта прачытаў гарадзенскі паэт Юрка Голуб, які калісьці быў студэнтам Ніла Гілевіча на філалагічным факультэце БДУ.
Пасля таго, як прысутнымі быў напісаны кавалак з эсэ паэта, Віктар Шалкевіч прапанаваў з астатняй часткай тэксту азнаёміцца самастойна.