Вілейка можа стаць цэнтрам развіцця скейтбордынгу ў рэгіёне

Источник материала:  
06.01.2016 10:26 — Новости Общества

Так лічаць стваральнікі эскізнага праекта скейт-парку Дзмітры Гарланаў, Яна Вярбіцкая і Яўген Русак. Яго збіраюцца ўзвесці на месцы танцпляцоўкі ў гарадскім парку да фестывалю моладзевых субкультур «Энергія маладосці».


Пра мэтазгоднасць стварэння скейт-парку кажа галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры райвыканкама Дзмітры Гарланаў:

— У Вілейцы ёсць і пачаткоўцы-скейтары, і прафесіяналы са стажам, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах як у Беларусі, так і за мяжой. Асноўнае месца для іх падрыхтоўкі - цэнтральная плошча. А гэта не прыносіць асаблівай радасці ні скейтарам, ні навакольным.

Дзмітры лічыць, што скейт-парк можа дапамагчы і ў развіцці турызму ў горадзе:

— Вілейка знаходзіцца не так далёка ад Мінска. Лічу, што многія сталічныя хлопцы аддадуць перавагу менавіта нашаму скейт-парку для трэніровак. А гэта адыграе немалаважную ролю ў развіцці турызму.


Эскізны праект парку

«Такога парку няма нават у Мінску»

Радуе Дзмітрыя, што сярод віляйчан сустрэліся тыя, хто гатовы не проста катацца ў скейт-парку, але і навучаць пачаткоўцаў.

Адзін з іх — Яўген Русак, які займаецца скейтбордынгам восем год. Ён адразу не мог паверыць, што ў Вілейцы з’явіцца скейт-парк:

— Таму што такога парку да гэтага часу няма нават у Мінску. Ды ўвогуле ў Беларусі налічваецца толькі два адэкватныя, якія падыходзяць для катання, скейт-паркі - у Магілёве і Баранавічах, — тлумачыць ён.

— Ці шмат людзей займаецца скейтбордынгам у Вілейцы?

— Людзей, якія катаюцца і зацікаўленыя гэтай культурай альбо катаюцца на роліках і роварах BMX, думаю, пару дзясяткаў. Натуральна, са з’яўленнем скейт-парку іх стане больш. Пэўна, стануць часцей ездзіць да нас хлопцы з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці, з Мінска.

Скейтбордынг падабаецца людзям, і ім хочуць займацца многія. Прыкладам, у Амерыцы катаецца больш за 10 мільёнаў чалавек. А яшчэ скейтбордынг можа стаць алімпійскім відам спорту.

У планах Яўгена стварыць секцыю для пачаткоўцаў. Там будуць вучыць іх базавым трукам на скейтбордзе. Мае ён намер праводзіць абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы.

Яўген лічыць, што парк дасць вілейскай моладзі месца для развіцця ў гэтай культуры, магчымасць штодня трэніравацца і весці здаровы лад жыцця.

— На скейтах можа катацца кожны. Гэта рух набірае абароты ў нашым рэгіёне, — упэўнівае ён. — Таму многія са з’яўленнем парку захочуць далучыцца, калі ўбачаць у парку, наколькі гэта прыгожа і відовішчна. А значыць, больш маладых людзей не будуць сядзець на месцы, а рухацца, паляпшаць здароўе, заводзіць новыя знаёмствы з людзьмі, якія маюць агульныя інтарэсы.

— Пляцоўцы для скейтбардыстаў даўно пара б ужо з’явіцца ў нас у горадзе. Ёсць шмат хлопцаў і нават дзяўчат, якія захапляюцца гэтым відам спорту, але развівацца далей у іх пакуль што не было магчымасці, — кажа студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Яна Вярбіцкая. — Вілейка — мой родны горад, і ўсё, што адбываецца тут, для мяне важна. Калі ўбачыла заклік Дзмітрыя агульнымі намаганнямі стварыць нешта новае і незвычайнае, адразу захацелася адгукнуцца і дапамагчы. Парадавала тое, што мясцовыя ўлады перш за ўсё хочуць пачуць меркаванне гараджан, улічыць іх інтарэсы і пажаданні.

Працаваць над праектам Яне было вельмі цікава — яшчэ і таму, кажа, што ў камандзе сабраліся выдатныя спецыялісты. Упэўненая, што вынікі нікога не расчаруюць.

Скейт-парк як арт-аб'ект

Апроч абсталявання для заняткаў скейтбордынгам, у скейт-парку будзе пляцоўка са сцэнай, бытавое памяшканне і подыум для гледачоў.

—  Пляцоўка цудоўна падыдзе для арганізацыі шоу з ды-джэямі і салістамі, музычнымі і танцавальнымі групамі. Упор на закрытасць скейт-парку сведчыць пра тое, што ён разглядаецца як культурны аб’ект, які належна эксплуатуецца і ўтрымліваецца. Архітэктурны ж складнік ператворыць скейт-парк у свайго роду арт-аб'ект, які кантрастуе са звыклым гарадскім асяроддзем, — лічыць Дзмітры Гарланаў.

←Услуги стоматологов в Беларуси подорожали более чем на четверть

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика