У Гродзенскім раёне знеслі будынак канца ХІХ стагоддзя
Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. склад у вёсцы Белыя Балоты Гродзенскага раёна апошнія дзесяцігоддзі не выкарыстоўваўся. На хвалі ўпарадкавання яго знеслі на мінулым тыдні, пiша «Твой стыль».
Вёска знаходзіцца літаральна ў пяці кіламетрах ад Аўгустоўскага канала. Тут захавалася шыкоўная сядзіба Сабалеўскіх-Тукалаў, узведзеная ў канцы XIX ст. Сядзіба аточана шыкоўным паркам, навокал стаіць шмат былых гаспарадчых пабудоваў - гарэльня, сушыльня табака, кароўнікі з бутавага камня. Апошнія, дарэчы, яшчэ выкарыстоўвацца калгасам.

Сама сядзіба стаіць амаль пустая ўжо добрых дзесяць гадоў, хаця некалькі гадоў таму была ўключана па загаду віцэ-прэм'ера Тозіка ў спіс старых будынкаў, пад якія мясцовыя ўлады павінны шукаць інвестараў.
Літаральна на днях на хвалі ўпарадкавання быў знесены цікавы аб’ект, які быццам «сустракаў» усіх, хто ўязджаў у Белыя Балоты з боку Гродна. Раней гэта была вінакурня або гажэльня (тут у пачатку ХХ ст. гналі спірт), а ў савецкі час проста калгасны склад. Апошнія гадоў трыццаць будынак не выкарыстоўвалі.