4,5 тысячы малькоў. Упершыню за 10 год возера ў Нарачанскім краі зарыбілі вугром
Апошні раз нарачанскія азёры зарыблялі вугром у 2005 годзе. А у вераснi ў возера Свір выпусцілі больш за 4500 малявак вугра.
Нерастуе вугор за многія тысячы кіламетраў ад Нарачы — у Саргасавым моры. Лічынкі вугра, падхопленыя цёплым цячэннем Гальфстрым, нясуцца да берагоў Еўропы. Гэты шлях займае некалькі год.
— Але да нарачанскіх азёр вугор даўно не здольны даплыць. Таму што на буйных рэках пабудаваныя гідраэлектрастанцыі і плаціны. Таму і трэба праводзіць зарыбленне, — тлумачыць навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Нарачанскі» Вольга Яжова. — Некаторыя віды рыб трапляюць у нарачанскія азёры рэгулярна: іх вырошчваюць ва ўласным рыбагадавальніку ці купляюць у рыбагадоўчых гаспадарках. А вугром азёры даўно не зарыблялі з-за адсутнасці ўласнага пасадачнага матэрыялу і высокага яго кошту.
Падгадаваны ў Беларусі вугор замест англійскага
Дзесяць год таму лічынкі вугроў дастаўлялі ў Беларусь самалётам з Лондана. Цяпер жа ў возера Свір пасялілі вугра, падгадаванага ў Беларусі: упершыню пасадачны матэрыял вугра для зарыблення нарачанскіх азёр вырашчаны ў спецыялізаванай рыбагадоўчай фермерскай гаспадарцы «Актам Фіш» з Мёрскага раёна.
— З Вялікабрытаніі дастаўлялі лічынкі, а тут быў падгадаваны вугор. Шанцы для яго выжывання ў возеры значна большыя, — кажа Вольга.
Фінансавалася зарыбленне з абласнога бюджэту. Аперацыя па дастаўцы малявак вугроў да возера была незвычайная. Удзельнічалі ў ёй каля дваццаці чалавек. Калі любую рыбу можна закінуць проста ў кантэйнер, то для вугроў стваралі асаблівыя ўмовы. Транспартавалі іх у спецыяльным кантэйнеры. Ваду туды забіралі з акварыумаў, дзе вугры гадаваліся. У сярэдзіне кантэйнера борцікі зрабілі: трэба, каб вада мінімальна боўталася. І везлі акуратна, на маленькай хуткасці.
У Свір выпусцілі вугроў даўжынёй ад шасці да 60 сантыметраў. Ім спатрэбіцца ад трох да пяці год, каб вырасці да прамысловых памераў. За гэты час яны могуць рассяліцца па бліжэйшых рэчках і ў возеры Вішнеўскае.
Даведка «РГ». Вэнджаны вугор — вядомы нарачанскі далікатэс, для многіх турыстаў - адзін з сімвалаў адпачынку на Нарачы. Улетку ў краме ў курортным пасёлку Нарач (Купа) кілаграм вэнджанага вугра каштаваў 600 тысяч рублёў.