«Мова ці кава». Ратаваць моўныя курсы не спяшаецца нават Скарына

Источник материала:  
16.10.2014 19:24 — Новости Общества


«Мова ці кава». Ратаваць моўныя курсы не спяшаецца нават СкарынаПасля таго, як ад бясплатных моўных курсаў «Мова ці кава» засталіся толькі назва, багата добрых успамінаў і адна непрыемная гісторыя, Naviny.by рушыла шукаць людзей, якія б вярнулі праект тым, хто ад яго пацярпеў больш за астатніх — аматараў беларускай мовы.

«Мова ці кава» спыніла сваё існаванне 15 кастрычніка — у першы і апошні дзень заняткаў у новым сезоне. Адбылося гэта праз сварку паміж заснавальніцай праекта журналісткай расійскага «Першага канала» Кацярынай Кібальчыч і некалькімі выкладчыкамі: паэткай і тэлевядучай Валярынай Куставай і журналістамі Франакам Вячоркам і Алесем Залеўскім.

Разлад у калектыў удзельнікаў моўнага праекта ўнеслі папулярныя на сённяшні дзень пытанні: колькі квадратных кіламетраў ва Украіне і ці ёсць Пуцін тым, хто рыфмуецца на слова «кайло».

У сваім «апошнім слове» Кібальчыч заявіла, што магла б падарыць брэнд «Мова ці кава» ініцыятыўным людзям, якія б адкрылі аднайменную кавярню, дзе «аднолькава станоўча ставіліся б як да беларускамоўных, так і да рускамоўных», дзе можна было б «праводзіць беларускамоўныя культурныя мерапрыемствы».

Кібальчыч таксама не супраць аддаць брэнд «Мова ці кава» пад чарговыя моўныя курсы, якія б адпавядалі распрацаванаму статуту.

Дарэчы, статут курсаў быў прыняты 18 лютага 2013 года на першым занятку ў Мінску. У ім зацвярджалася, што ўсе павінны «размаўляць на курсах толькі па-беларуску», адзін да аднога ставіцца «прыязна і талерантна», «дапамагаць адно аднаму», «дзяліцца цікавосткамі» і нават «пасміхацца». Апроч таго, статут змяшчаў жалезнае правіла: «Ніякай палітыкі».

«Мова ці кава». Ратаваць моўныя курсы не спяшаецца нават СкарынаСпярша мы прапанавалі ўцягнуцца ў справу аднаўлення курсаў «Мова ці кава» беларускаму пісьменніку, выдаўцу і мастаку Адаму Глобусу. Аднак той катэгарычна адмовіўся, дадаўшы, што абыходзіў гэтыя курсы, бо чакаў «калі яны там перадушацца». «І яны перадушыліся», — канстатаваў ён.

«Мяне шмат разоў запрашалі да ўдзелу, але я абыходзіў іх дзясятай дарогай, бо я ведаў, хто такая Каця, хто такая Валярына, — адзначыў Глобус. — Я ведаў, што гэта людзі, якія працуюць не за ідэю. Калі мяне запрашалі, я заўсёды тактоўна пытаўся, маўляў, вы хаця б машыну, на якой я прыеду, аплоціце? Ну вы ж мяне ўвесь час запрашаеце валанцёрам, маўляў, ты, дзядзька, папрацуй. Да гэтых курсаў я заўсёды ставіўся вельмі кепска».

Пісьменнік прызнаўся, што «заўсёды ненавідзеў аматарства». «Вось рэстаўратары ўсё жыццё рэстаўруюць замкі. А тут прыходзяць два чалавека — падмялі нейкія ходнікі і кажуць, што яны таксама разбіраюцца ў рэстаўрацыі. А потым рэстаўратарам: «Вы зрабілі нейкую фігню замест замка», — прывеў ён прыклад.

На думку Глобуса, тое ж тычыцца і вывучэння мовы — для гэтага існуюць «адпаведныя інстытуты», ёсць «выкладчыкі, якія штодня прыходзяць да дзетак і выкладаюць гэтую беларускую мову ў звычайных школах».

«А тут гэтыя амбітныя журналісткі з нейкімі крывымі поглядамі на палітыку палезлі да нашай мовы, а зараз учапілі адна другую за пасы. Гадка»,
— падсумаваў пісьменнік, дадаўшы, што «мова без Каці і Валярыны будзе жыць».

«Мова ці кава». Ратаваць моўныя курсы не спяшаецца нават СкарынаНе пагадзіўся ўдыхнуць жыццё ў сканалыя курсы і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Так, старшыня творчага аб'яднання Барыс Пятровіч адзначыў, што на сённяшні дзень саюз «не гатовы перахапіць такую грамадскую ініцыятыву, як «Мова ці кава».

«Мы займаемся трошкі іншай справай
, — падкрэсліў Барыс Пятровіч. — У нас працуе Школа маладога літаратара. Мы працуем з тымі людзьмі, якія пішуць па-беларуску, працуюць на ніве беларускай літаратуры. У першую чаргу мы арыентаваныя на такіх маладых людзей».

Адначасова з тым кіраўнік СБП звярнуў увагу на тое, што «вядучымі «Мова ці кава» і «Мова нанова» былі ў асноўным як раз сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў».

Барыс Пятровіч ўзгадаў, што курсы беларускай мовы час ад часу праводзіць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. «Мне здаецца, што ў дадзеным канкрэтным выпадку рэальна было б ім аб'яднацца — курсам ТБМ і курсам «Мова ці кава», — выказаў думку старшыня пісьменніцкага саюза.

«Мова ці кава». Ратаваць моўныя курсы не спяшаецца нават СкарынаУ намесніцы старшыні ТБМ Алены Анісім мы запыталіся, ці мае намер таварыства падставіць плячук пад зрынуўшыйся брэнд. Па словах Анісім, такая ідэя ў таварыстве пакуль не абмяркоўвалась.

«Аднак ўсё ж такі трэба з Кацярынай сустрэцца і паразмаўляць, — адзначыла Анісім. — Яна ведае і Алега Анатольевіча (старшыню ТБМ Алега Трусава. — рэд.), і мяне, таму калі б яна такое прапанавала Таварыству беларускай мовы, то можна было б паспрабаваць, знайсці людзей, хто б далей вёў гэтыя курсы».

«Тое, што яна не трымаецца за брэнд і гатовая перадаць яго ў добрыя рукі, гэта вельмі добра і правільна», — дадала намесніца кіраўніка таварыства.

Як не парадаксальна, але на сённяшні дзень у Таварыства беларускай мовы няма уласных сталых курсаў па беларускай мове. «Моўныя курсы мы спецыяльна не ладзім, хаця ў свой час у нас такія былі, іх вялі выдатныя выкладчыкі», — узгадала Анісім.



Захар ШЧАРБАКОЎ
←Указом Лукашенко 2015 год объявлен в Беларуси Годом молодежи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика