"Вам падабаюцца нашыя вібрацыі?" - у Батанічным садзе аматары спявалі рэдкія народныя песні
12.10.2014 13:34
—
Новости Общества
"Раскрываем рукі, рукі як крылы, – прасцірае наперад далоні вядучы, – на гук "о" рукі да гары, на гук "а" – раскрываемся". У батанічным садзе пад аранжарэей шматлюдна, мінакі затрымліваюцца, каб зразумець, што тут адбываецца. "Не трымаем гук, м-м-м, ён ляціць, а мы скачам". Так адмысловымі практыкаваннямі пачынаецца "Спеўны сход" – мерапрыемства для тых, хто хоча спяваць беларускія песні і атрымліваць задавальненне ад свайго голаса.
"Мы распачалі праект разам з Аляксеем Чубатам у сакавіку, і вырашылі паглядзець, як гэта пойдзе. На першы сход сабраліся чалавек 35, а далей далучалася ўсё больш і больш", – распавёў пазней журналісту TUT.BY Сяржук Доўгушаў, мастацкі кіраўнік праекта і вядучы сходаў. Зараз на "Спеўныя сходы" прыходзіць болей за 50 чалавек – большасць з іх ніколі не спявалі і мала што ведаюць пра беларускі фальклёр.
"Спеўны сход" пачынаецца з адмысловых практыкаванняў на голас і дыханне. "На такіх сходах людзі, зразумела, не падрыхтаваныя, і гэта іх можна спужаць. Але трэба падрыхтаваць інструмент перад тым, як спяваць – добра падыхаць, добра пагучаць, зрабіць распевачкі. Калі проста сабраць людзей і закамандаваць – давайце першую песню, гэта будзе нешта страшнае, кожны будзе крычаць хто куды", – тлумачыць Сяржук Доўгушаў. Аўтарскія практыкаванні дапамагаюць настроіцца на адін гук і хутка аб'яднаць людзей.
"Галоўнае, каб вы рабілі гэта з пяшчотай, любоўю. Дасылаем усім людзям цеплыню, можна дрэўцам," – кажа вядучы і пачынае развучваць словы песні "Шось у лесе гукае". Да кожнага сходу загадзя рыхтуецца рэпертуар – раздрукоўку з тэкстамі песень атрымлівае кожны, хто захоча далучыцца да спеваў. Але гэтай песні ў разрукоўцы няма. "Развучым па радочку. Хочацца, каб вы спявалі, а не глядзелі ў паперкі".
Спевы гучаць вельмі зладжана і моцна – не верыцца, што ўдзельнікі сходу бачаць радкі народнай песні ўпершыню. Дапамагаюць стварыць атмасферу і трымаць рытм музыкі гурта "Вурай".
"Вам падабаюцца нашыя вібрацыі? – часам запытвае вядучы. А потым патрабуе – Гучней! Гэта самы моцны куплет!".
Драйвовыя народныя спевы чаргуюцца з самотнымі і меладычнымі. А наступную песню Сяржук Доўгуш прывёз з этнаграфічнвй экспедыці з вёскі Чамяры, што на Кобрыншчыне. "Зусім невядомая песня, але спяваць яе павінен народ, а не адзін артыст", – кажа ён.
– Сапраўды спяваць можа любы? – запытваем у мастацкага кіраўніка "Спеўнага сходу".
"Любы, – адказвае ён. – У мяне ёсць аўтарскі курс, і я вяду прыватныя заняткі, куды прыходзяць людзі, якія ніколі ў жыцці не спявалі. І на занятку 7-8 яны ўжо спяваюць некалькі песень, і робяць гэта вельмі добра. Часта бывае так, што менавіта людзі, якія зусім не спявалі, вельмі хутка вучацца. Калі чалавек мае слых, але ніколі не спяваў – гэта вельмі добры матэрыял для спеваў".
Ад сакавіка, калі адбыўся першы "Спеўны сход", сфармаваўся фундамент сустрэч – чалавек 20 сталых удзельнікаў. "Яны ніколі не займаліся спевамі, але я чую, як кожны раз іх спевы мацней і мацней," – прызнае Сяржук Доўгуш.
29 кастрычніка адбудзецца "Спеўны сход", прысвечаны дзіцячаму фальклёру. На яго запрошаны адмысловыя госці: Ларыса Рыжкова і гурт "Калыханка".