Вартаўнікі бастыёнаў. Як жывуць і служаць каталіцкія святары ў маленькіх вясковых прыходах?
12.09.2014 12:48
—
Новости Общества
Айцец Сяргей Сурыновіч у Друі служыць са змяшанымі пачуццямі: ён вартаўнік вялікай спадчыны, але што ў будучыні?
У Друю прыязджаем пад 23-ю вечара. Каля кляштара нас сустракаюць айцец Сяргей Сурыновіч і ягоная аўчарка Абрэк. Пёс радасным скачком валіць мяне на зямлю.
Гаворка пра беларушчыну, лёсы Касцёла і касцёла доўжыцца за поўнач.
Друя не такая і вялікая, хоць і насычаная сэнсамі. За Дзвіной - ужо Латвія. Piedruja, а па-нашаму - Прыдруйск. Абапал мяжы жывуць такія ж беларусы.
У Друі дагэтуль суіснуюць каталікі, праваслаўныя і стараверы. Раней жылі яшчэ яўрэі, ад іх засталіся вялізныя могілкі і будынкі.
Але сапраўды асаблівае значэнне Друя мае ўсё ж для каталікоў. Тут быў вялікі кляштар - калісьці бернардынаў, а ў 1924-1938 у ім служылі марыяне. Гэта быў адзіны беларускамоўны каталіцкі асяродак у той час. Пакуль палякі не выслалі манахаў з памежнай зоны. Як ненадзейных - беларусы ж.
Цяпер святар у Друі адзін.
"Наша Ніва" ўпершыню пісала пра ксяндза Сяргея Сурыновіча 14 гадоў назад, калі ён служыў на Урале і марыў вярнуцца ў Беларусь.
У Расіі Сурыновіч адслужыў 6 гадоў. Спачатку як дыякан у Краснадары, дзе быў армянскі прыход. Пасля святаром у Пярмі. Прыход быў шматнацыянальны: рускія, палякі, літоўцы, латгальцы, беларусы. Вяртаўся ў Беларусь з Калінінградскай вобласці, дзе служыў у літоўскіх прыходах у самім Калінінградзе і Савецку (колішнім Тыльзіце, які ва ўсіх асацыюецца з часамі Напалеона).
Там, у Расеі, каталікоў адзінкі. Айцец Сяргей кажа, што праца там навучыла "індывідуальнаму падыходу да чалавека, да яго асобы, зацікаўленасцяў, поглядаў".
"Вярнуўшыся ў Беларусь, я год служыў у Віцебску", - расказвае Сурыновіч.
Пасля была Браслаўшчына - далёкая і прыгожая. У Слабодцы закасаў рукавы і заняўся справай аднаўлення касцёла. "Касцёл сустрэў мяне абдзертымі вежамі і польскай мовай. Цяпер касцёл беленькі і ў ім гучыць беларуская мова", - кажа ён.
"Прыязджаў у Вішнева, ночыў у яго, слухаў яго, сачыў за яго працай з перакладамі".
Дык вось, Чарняўскі пра Друю і расказваў. У Друі прайшла ягоная маладосць - з 1934 года ён навучаўся ў гімназіі, якая месцілася ў кляштары.
"Я ўжо з Друі быў сведамым, - гэта з успамінаў Чарняўскага. - Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі [палякі], усё гэта я перажываў. Таму не трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць".
"Гэтыя словы айца Чарняўскага і яго беларускасць засноўвалі і ўва мне падмурак на далейшае жыццё", - прызнае Сурыновіч.
Прыход у Друі быў цалкам беларускі ад самага яго адраджэння ў пачатку 90-х. "Першую ноч я не змог заснуць, бо не верыў, што Провід Божы мяне накіраваў у Друю, у яе сцены". Але прыход зусім малы, наракае ён.
"А дзе вялікі? - не пагаджаюся я. У Расонах, Лёзне, у Бегам'і вялікія? Там увогуле лічаныя вернікі".
"50 чалавек на святы прыходзяць на службу. І тыя пераважна старэйшыя людзі, каму за 70", - расказвае Сурыновіч.
"А можа быць, гэта проста заўжды так, што ў царкву, касцёл ідуць старэйшыя, калі задумляюцца пра зямное і незямное жыццё?" - пытаюся я.
"Бяда ў іншым: нашыя вёскі выміраюць, - расказвае айцец Сяргей. - Служачы ў Слабодцы, я кожны год хаваў каля пяцідзесяці чалавек. Моладзь з'язджае ў гарады, хаты пусцеюць". "Усё часцей пішу ў парафіяльнай картатэцы - вёска вымерла. Гэта палохае".
Статыстыка пацвярджае: у Друі сто гадоў таму жыло 6000 чалавек. У 1970-м - 2500. Сёння - тысяча.
Айцец Сяргей перажывае. І гэта на самым паўночна-заходнім краі Беларусі, дзе яшчэ і вёска мацнейшая, і каталіцкая традыцыя не перарывалася ніколі.
У Друйскай гімназіі, што месцілася ў кляштары, вучыліся будучыя гісторык Ермалковіч, мастак Жаўняровіч, генерал ордэна марыянаў, заснавальнік бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, біскуп Часлаў Сіповіч, ксёндз-доктар філасофіі Тамаш Падзява. З Друяй цесна звязаныя былі гістарычныя святары Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота, блаславёны пакутнік Юрый Кашыра… (Кашыра быў з праваслаўнай сям'і, але пайшоў у марыяне, і калі немцы палілі Росіцу, пайшоў у агонь разам са сваёй паствай).
У Друі служаць і сёстры-еўхарысткі. Друя, дарэчы, была калыскаю гэтай кангрэгацыі. У 1923 біскуп Юры Матулевіч заснаваў новую жаночую кангрэгацыю Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі. Яны тут выжылі нават у савецкі час. Хаваліся, але служылі патаемна. І вось цяпер іх тут тры застаецца. Яны жывуць цераз дарогу ад касцёла.
А што ж робіцца там, дзе традыцыя меншая?
Касцёл яшчэ жыве з адчуваннем моцы ў большых гарадах. Там ёсць "крытычная маса". А вось святары ў райцэнтрах і вёсках адчуваюць сябе вартаўнікамі бастыёнаў.
"Са складанага - гэта стан касцёла і кляштара, - расказвае Сурыновіч. - Трэба тэрмінова рамантаваць".
Пафарбавалі - ізноў палез грыбок. Дзе пабялілі - там не пайшоў. Дзе акрылавыя фарбы - цвіль. Рэстаўратары кажуць, што сырасць паўзе з падмуркаў. Іх трэба сушыць. А гэта каштуе дзясяткі тысяч еўра. Такіх грошай няма.
Друя прыцягвае, яна натхняе, яна насычае беларускім духам.
Сюды едуць пілігрымы. На жаль, сярод іх пакуль няма мільянераў.
У савецкі час у кляштары было ПТВ. Сутарэнні замуравалі. Нешта там парушыла бомба ў вайну. Хоць і высокая гара, а сырасць. Проста так фундаменты не правентылюеш, не прасвідруеш - яны тоўстыя, да двух метраў. Як з гэтым разабрацца?
Дзяржава не дапаможа. Ёсць сотні помнікаў у горшым стане.
Руіны, бывае, развальваюцца. А тут ёсць дах, няма расколінаў. Проста паўзе цвіль, паўзе з-пад зямлі гэтая зялёная, бурая цвіль.
Айцец Сяргей ад будзённасці ратуецца творчасцю. Ён піша вершы пад псеўданімам Яўген Бартніцкі і малюе: "Я заўсёды ўглядаў у творчасці шляхі да Бога".
"Пісаць пачаў у часе вучобы ў Гродзенскай духоўнай семінарыі. Там пазнаёміўся з Данутай Бічэль - далікатнай, інтэлігентнай. Свой вольны час, калі была магчымасць выйсці ў горад, я праводзіў у музеі Максіма Багдановіча, дзе яна працавала ў тыя часы загадчыцай".
Калі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, выдаваў там па-беларуску газету "Крыніца".
Жывапіс - аматарскія спробы пачаліся ў майстэрні ўкраінскай пейзажысткі Міраславы Казанцавай. "Яны выліліся ў шэсць персанальных выставаў", - з гонарам прызнаецца айцец Сяргей.
Таксама айцец Сяргей удзельнічае ў групе спецыялістаў, што працуюць над поўным перакладам Бібліі на беларускую мову.
Гэтая група паўстала дзякуючы ініцыятыве доктара тэалогіі Ірыны Дубянецкай. У ёй і бібліісты, і перакладчыкі, і мовазнаўцы, і спецыялісты па класічнай філалогіі… Добрай пляцоўкай для сумеснай працы стаў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які штогод праходзіць у Коўне.
Сурыновіч распачаў пераклад Септуагінты - гэта Стары Запавет на грэцкай мове. Такая праца заўсёды супольная, да яе далучаюцца людзі з прафесійным валоданнем мовы, але таксама і з глыбокай верай.
А таксама ён збірае - карціны, памяткі, дакументы.
"У маёй прыватнай калекцыі каля двухсот працаў, большасць - Яна Антонавіча Рыдзікі", - расказвае Сурыновіч.
Вось ружанец Язэпа Германовіча - ксяндза і пісьменніка, вядомага пад псеўданімам Вінцук Адважны.
Асцярожна, з пяшчотай дастае айцец Сяргей з альбома аўтограф гімна "Магутны Божа" рукі Наталлі Арсенневай. Асобныя словы ў ім яшчэ адрозніваюцца ад кананічнага варыянта.
А вось паштоўкі, якія атрымлівалі ў 1920-я і 30-я марыяне. Ад братоў, выхаванцаў - з Парыжа, Рыма… Ён знайшоў іх сярод смецця ў Друі, у прамым сэнсе слова. Сярод іх паштоўкі, напісаныя беларускай лацінкай з Рыма, падпісаныя айцом Юрыем Кашырам.
"Усё мае адну мэту - стварэнне ў друйскім кляштары музея. У гэтым таксама зацікаўлены мой біскуп Алег Буткевіч, які выказаўся за тое, каб стварыць у Друі музей усёй Віцебскай дыяцэзіі", - расказвае Сурыновіч.
Але для каго будзе той музей, калі ён сам прызнае, што парафія вымірае?
Пытанне.
Пратэстанцкія пастары і праваслаўныя бацюшкі пражываюць гэтую сітуацыю па-іншаму. У іх сем'і. Сем'і трэба карміць. Значыць, перадусім трэба працаваць - на зямлі, у бізнэсе.
Ксяндзы сем'яў не маюць. Таму яны па-іншаму ўспрымаюць новую рэчаіснасць.
Сёння часта пакідаюць святарства менавіта пробашчы малых парафій. Іх ламае навакольная бесперспектыўнасць, так мне думаецца. Уявіце сабе сітуацыю - у цябе гіганцкі храм і ўсё сыплецца, а людзей няма і ніякіх рук не стае.
Сурыновіч шукае аптымістычныя словы, але гэта хутчэй стаіцызм: "Я і не ўмею ўжо па-іншаму, як толькі быць часткаю гэтага Касцёла і яму належаць".
Ён прыйшоў у касцёл з пакаленнем адраджэння - нацыянальнага і рэлігійнага.
"Так, мае бацькі і дзяды былі праваслаўнымі, - расказвае ён. - Я ахрышчаны таксама ў праваслаўнай Царкве. Аднак абраў святарства ў Каталіцкай Царкве. Цяжка растлумачыць прычыны, я іх проста не ведаю. Бог так пакіраваў. Святар гэта не прафесія, святар - стыль жыцця, пакліканне".
* * *
- Адчыняю дзверы.
- Калі вам цяжка, вы…
- Малюся.
- Калі вам добра, вы…
- Працую.
- Кім працавалі вашы бацькі й дзяды?
- Бацькі - настаўнікі. Маці - матэматыкі, бацька - гісторыі. Бабуля і дзед па бацьку таксама настаўнікі. Дзед нарадзіўся ў Наваградку і там скончыў ліцэй імя Адама Міцкевіча, бабуля з Любчы.
- Жыццёвы дэвіз?
- Шукаць Бога і шукаць для Бога - абраў яго перад рукапалажэннем у святары.
- Самы памятны дзень?
- Экзамен у семінарыі ў Гродне.
- Любімы колер?
- Цёмна-сіні.
- Любімая кветка?
- Касачы.
- Калі б прэзідэнтам былі вы, то што вы зрабілі б найперш?
- Дамогся б прызнання несапраўдным рэферэндуму 1995 года.
- Мінск для вас - гэта…
- Край свету, адкуль можна выпісаць добрыя кніжкі.
- Вільня для вас - гэта…
- Сталіца, беларускі горад.
- Віцебск для вас - гэта…
- Горад Шагала, горад майго вяртання ў Беларусь.
- Што вы купляеце ў краме кожны раз?
- Тварог, садавіна, агародніна, хлеб.
- Якія словы з Бібліі вы нагадалі б чытачам НН сёння?
- "І ўбачыў Бог, што святло прыгожае. І аддзяліў Бог святло ад цемры". Быцця 1,4.
* * *
- Ксёндз, ці ведаеш, чаму смерць худая ходзіць?
- Не, не ведаю.
- Бо хабару не бярэ, а вось доктар наш пузаты ходзіць…
Чытайце таксама:
Пярсцёнак сераднявечнага гопніка, Богава гара, краявід на чатыры возеры. Чым уражвае турыстаў край Дзвіны? >>>
У Друю прыязджаем пад 23-ю вечара. Каля кляштара нас сустракаюць айцец Сяргей Сурыновіч і ягоная аўчарка Абрэк. Пёс радасным скачком валіць мяне на зямлю.
Гаворка пра беларушчыну, лёсы Касцёла і касцёла доўжыцца за поўнач.
Друя не такая і вялікая, хоць і насычаная сэнсамі. За Дзвіной - ужо Латвія. Piedruja, а па-нашаму - Прыдруйск. Абапал мяжы жывуць такія ж беларусы.
У Друі дагэтуль суіснуюць каталікі, праваслаўныя і стараверы. Раней жылі яшчэ яўрэі, ад іх засталіся вялізныя могілкі і будынкі.
Але сапраўды асаблівае значэнне Друя мае ўсё ж для каталікоў. Тут быў вялікі кляштар - калісьці бернардынаў, а ў 1924-1938 у ім служылі марыяне. Гэта быў адзіны беларускамоўны каталіцкі асяродак у той час. Пакуль палякі не выслалі манахаў з памежнай зоны. Як ненадзейных - беларусы ж.
Цяпер святар у Друі адзін.
"Наша Ніва" ўпершыню пісала пра ксяндза Сяргея Сурыновіча 14 гадоў назад, калі ён служыў на Урале і марыў вярнуцца ў Беларусь.
У Расіі Сурыновіч адслужыў 6 гадоў. Спачатку як дыякан у Краснадары, дзе быў армянскі прыход. Пасля святаром у Пярмі. Прыход быў шматнацыянальны: рускія, палякі, літоўцы, латгальцы, беларусы. Вяртаўся ў Беларусь з Калінінградскай вобласці, дзе служыў у літоўскіх прыходах у самім Калінінградзе і Савецку (колішнім Тыльзіце, які ва ўсіх асацыюецца з часамі Напалеона).
Там, у Расеі, каталікоў адзінкі. Айцец Сяргей кажа, што праца там навучыла "індывідуальнаму падыходу да чалавека, да яго асобы, зацікаўленасцяў, поглядаў".
"Вярнуўшыся ў Беларусь, я год служыў у Віцебску", - расказвае Сурыновіч.
Пасля была Браслаўшчына - далёкая і прыгожая. У Слабодцы закасаў рукавы і заняўся справай аднаўлення касцёла. "Касцёл сустрэў мяне абдзертымі вежамі і польскай мовай. Цяпер касцёл беленькі і ў ім гучыць беларуская мова", - кажа ён.
Накіраванне ад Чарняўскага
У Друю пачаў даязджаць увосені 2012 года. Пра Друю ведаў з юнацтва. Калі ад'язджаў на вучобу ў піцерскую семінарыю, ён атрымаў накіраванне ад айца Уладзіслава Чарняўскага з Вішнева - таго самага, які ў савецкі час быў адзіным прынцыпова беларускамоўным каталіцкім святаром, астатнія па-польску служылі."Прыязджаў у Вішнева, ночыў у яго, слухаў яго, сачыў за яго працай з перакладамі".
Дык вось, Чарняўскі пра Друю і расказваў. У Друі прайшла ягоная маладосць - з 1934 года ён навучаўся ў гімназіі, якая месцілася ў кляштары.
"Я ўжо з Друі быў сведамым, - гэта з успамінаў Чарняўскага. - Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі [палякі], усё гэта я перажываў. Таму не трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць".
"Гэтыя словы айца Чарняўскага і яго беларускасць засноўвалі і ўва мне падмурак на далейшае жыццё", - прызнае Сурыновіч.
"Першую ноч я не змог заснуць"
Прыход у Друі быў цалкам беларускі ад самага яго адраджэння ў пачатку 90-х. "Першую ноч я не змог заснуць, бо не верыў, што Провід Божы мяне накіраваў у Друю, у яе сцены". Але прыход зусім малы, наракае ён."А дзе вялікі? - не пагаджаюся я. У Расонах, Лёзне, у Бегам'і вялікія? Там увогуле лічаныя вернікі".
"50 чалавек на святы прыходзяць на службу. І тыя пераважна старэйшыя людзі, каму за 70", - расказвае Сурыновіч.
"А можа быць, гэта проста заўжды так, што ў царкву, касцёл ідуць старэйшыя, калі задумляюцца пра зямное і незямное жыццё?" - пытаюся я.
"Бяда ў іншым: нашыя вёскі выміраюць, - расказвае айцец Сяргей. - Служачы ў Слабодцы, я кожны год хаваў каля пяцідзесяці чалавек. Моладзь з'язджае ў гарады, хаты пусцеюць". "Усё часцей пішу ў парафіяльнай картатэцы - вёска вымерла. Гэта палохае".
Вялікая мінуўшчына
Статыстыка пацвярджае: у Друі сто гадоў таму жыло 6000 чалавек. У 1970-м - 2500. Сёння - тысяча. Айцец Сяргей перажывае. І гэта на самым паўночна-заходнім краі Беларусі, дзе яшчэ і вёска мацнейшая, і каталіцкая традыцыя не перарывалася ніколі.
У Друйскай гімназіі, што месцілася ў кляштары, вучыліся будучыя гісторык Ермалковіч, мастак Жаўняровіч, генерал ордэна марыянаў, заснавальнік бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, біскуп Часлаў Сіповіч, ксёндз-доктар філасофіі Тамаш Падзява. З Друяй цесна звязаныя былі гістарычныя святары Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота, блаславёны пакутнік Юрый Кашыра… (Кашыра быў з праваслаўнай сям'і, але пайшоў у марыяне, і калі немцы палілі Росіцу, пайшоў у агонь разам са сваёй паствай).
У Друі служаць і сёстры-еўхарысткі. Друя, дарэчы, была калыскаю гэтай кангрэгацыі. У 1923 біскуп Юры Матулевіч заснаваў новую жаночую кангрэгацыю Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі. Яны тут выжылі нават у савецкі час. Хаваліся, але служылі патаемна. І вось цяпер іх тут тры застаецца. Яны жывуць цераз дарогу ад касцёла.
А што ж робіцца там, дзе традыцыя меншая?
Касцёл яшчэ жыве з адчуваннем моцы ў большых гарадах. Там ёсць "крытычная маса". А вось святары ў райцэнтрах і вёсках адчуваюць сябе вартаўнікамі бастыёнаў.
А ты адзін з сабакам
Бастыёны велічныя, але як даць рады іх захаванню, калі ты адзін, з сабакам, а ў цябе прыход - 50 бабулек?"Са складанага - гэта стан касцёла і кляштара, - расказвае Сурыновіч. - Трэба тэрмінова рамантаваць".
Пафарбавалі - ізноў палез грыбок. Дзе пабялілі - там не пайшоў. Дзе акрылавыя фарбы - цвіль. Рэстаўратары кажуць, што сырасць паўзе з падмуркаў. Іх трэба сушыць. А гэта каштуе дзясяткі тысяч еўра. Такіх грошай няма.
Друя прыцягвае, яна натхняе, яна насычае беларускім духам.
Сюды едуць пілігрымы. На жаль, сярод іх пакуль няма мільянераў.
У савецкі час у кляштары было ПТВ. Сутарэнні замуравалі. Нешта там парушыла бомба ў вайну. Хоць і высокая гара, а сырасць. Проста так фундаменты не правентылюеш, не прасвідруеш - яны тоўстыя, да двух метраў. Як з гэтым разабрацца?
Дзяржава не дапаможа. Ёсць сотні помнікаў у горшым стане.
Руіны, бывае, развальваюцца. А тут ёсць дах, няма расколінаў. Проста паўзе цвіль, паўзе з-пад зямлі гэтая зялёная, бурая цвіль.
Пад псеўданімам Бартніцкі
Айцец Сяргей ад будзённасці ратуецца творчасцю. Ён піша вершы пад псеўданімам Яўген Бартніцкі і малюе: "Я заўсёды ўглядаў у творчасці шляхі да Бога"."Пісаць пачаў у часе вучобы ў Гродзенскай духоўнай семінарыі. Там пазнаёміўся з Данутай Бічэль - далікатнай, інтэлігентнай. Свой вольны час, калі была магчымасць выйсці ў горад, я праводзіў у музеі Максіма Багдановіча, дзе яна працавала ў тыя часы загадчыцай".
Калі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, выдаваў там па-беларуску газету "Крыніца".
Жывапіс - аматарскія спробы пачаліся ў майстэрні ўкраінскай пейзажысткі Міраславы Казанцавай. "Яны выліліся ў шэсць персанальных выставаў", - з гонарам прызнаецца айцец Сяргей.
Таксама айцец Сяргей удзельнічае ў групе спецыялістаў, што працуюць над поўным перакладам Бібліі на беларускую мову.
Гэтая група паўстала дзякуючы ініцыятыве доктара тэалогіі Ірыны Дубянецкай. У ёй і бібліісты, і перакладчыкі, і мовазнаўцы, і спецыялісты па класічнай філалогіі… Добрай пляцоўкай для сумеснай працы стаў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які штогод праходзіць у Коўне.
Сурыновіч распачаў пераклад Септуагінты - гэта Стары Запавет на грэцкай мове. Такая праца заўсёды супольная, да яе далучаюцца людзі з прафесійным валоданнем мовы, але таксама і з глыбокай верай.
І аўтограф гімна
А таксама ён збірае - карціны, памяткі, дакументы."У маёй прыватнай калекцыі каля двухсот працаў, большасць - Яна Антонавіча Рыдзікі", - расказвае Сурыновіч.
Вось ружанец Язэпа Германовіча - ксяндза і пісьменніка, вядомага пад псеўданімам Вінцук Адважны.
Асцярожна, з пяшчотай дастае айцец Сяргей з альбома аўтограф гімна "Магутны Божа" рукі Наталлі Арсенневай. Асобныя словы ў ім яшчэ адрозніваюцца ад кананічнага варыянта.
А вось паштоўкі, якія атрымлівалі ў 1920-я і 30-я марыяне. Ад братоў, выхаванцаў - з Парыжа, Рыма… Ён знайшоў іх сярод смецця ў Друі, у прамым сэнсе слова. Сярод іх паштоўкі, напісаныя беларускай лацінкай з Рыма, падпісаныя айцом Юрыем Кашырам.
"Усё мае адну мэту - стварэнне ў друйскім кляштары музея. У гэтым таксама зацікаўлены мой біскуп Алег Буткевіч, які выказаўся за тое, каб стварыць у Друі музей усёй Віцебскай дыяцэзіі", - расказвае Сурыновіч.
Але для каго будзе той музей, калі ён сам прызнае, што парафія вымірае?
Пытанне.
Для пілігрымаў, мусіць
Увогуле, што галоўнае для святара ў сітуацыі вымірання супольнасці, у якой ён служыць?Пратэстанцкія пастары і праваслаўныя бацюшкі пражываюць гэтую сітуацыю па-іншаму. У іх сем'і. Сем'і трэба карміць. Значыць, перадусім трэба працаваць - на зямлі, у бізнэсе.
Ксяндзы сем'яў не маюць. Таму яны па-іншаму ўспрымаюць новую рэчаіснасць.
Сёння часта пакідаюць святарства менавіта пробашчы малых парафій. Іх ламае навакольная бесперспектыўнасць, так мне думаецца. Уявіце сабе сітуацыю - у цябе гіганцкі храм і ўсё сыплецца, а людзей няма і ніякіх рук не стае.
Сурыновіч шукае аптымістычныя словы, але гэта хутчэй стаіцызм: "Я і не ўмею ўжо па-іншаму, як толькі быць часткаю гэтага Касцёла і яму належаць".
Ён прыйшоў у касцёл з пакаленнем адраджэння - нацыянальнага і рэлігійнага.
"Так, мае бацькі і дзяды былі праваслаўнымі, - расказвае ён. - Я ахрышчаны таксама ў праваслаўнай Царкве. Аднак абраў святарства ў Каталіцкай Царкве. Цяжка растлумачыць прычыны, я іх проста не ведаю. Бог так пакіраваў. Святар гэта не прафесія, святар - стыль жыцця, пакліканне".
* * *
Бліц-пытанні айцу Сяргею Сурыновічу
- Што вы робіце, калі ўначы ў ваш кляштар грукаюцца на выгляд злачынцы?- Адчыняю дзверы.
- Калі вам цяжка, вы…
- Малюся.
- Калі вам добра, вы…
- Працую.
- Кім працавалі вашы бацькі й дзяды?
- Бацькі - настаўнікі. Маці - матэматыкі, бацька - гісторыі. Бабуля і дзед па бацьку таксама настаўнікі. Дзед нарадзіўся ў Наваградку і там скончыў ліцэй імя Адама Міцкевіча, бабуля з Любчы.
- Жыццёвы дэвіз?
- Шукаць Бога і шукаць для Бога - абраў яго перад рукапалажэннем у святары.
- Самы памятны дзень?
- Экзамен у семінарыі ў Гродне.
- Любімы колер?
- Цёмна-сіні.
- Любімая кветка?
- Касачы.
- Калі б прэзідэнтам былі вы, то што вы зрабілі б найперш?
- Дамогся б прызнання несапраўдным рэферэндуму 1995 года.
- Мінск для вас - гэта…
- Край свету, адкуль можна выпісаць добрыя кніжкі.
- Вільня для вас - гэта…
- Сталіца, беларускі горад.
- Віцебск для вас - гэта…
- Горад Шагала, горад майго вяртання ў Беларусь.
- Што вы купляеце ў краме кожны раз?
- Тварог, садавіна, агародніна, хлеб.
- Якія словы з Бібліі вы нагадалі б чытачам НН сёння?
- "І ўбачыў Бог, што святло прыгожае. І аддзяліў Бог святло ад цемры". Быцця 1,4.
* * *
Жарт
Пані Янінка са Слабодкі, дзе раней служыў айцец Сяргей, ксяндза павучала:- Ксёндз, ці ведаеш, чаму смерць худая ходзіць?