Да помніка князю Альгерду ў Віцебску прыставілі ахову

Источник материала:  
25.06.2014 18:36 — Новости Общества
Каля помніка вялікаму князю літоўскаму Альгерду, які паставілі ў Віцебску ўчора і які збіраюцца адкрыць 27 чэрвеня, круглыя суткі дзяжураць міліцыянты.



Дзяжураць па двое, у форме, не хаваючыся. Цікаўным распавядаюць пра цяжкі лёс помніка князю Альгерду - маўляў, яго збіраліся паставіць ужо чатыры гады, ды ўсё ніяк. А факт аховы тлумачаць тым, што конную скульптуру "можа, і не скрадуць, але распішуць непрыгожымі словамі". Бо "ў інтэрнэце выступаюць нейкія людзі, якія супраць помніка. Бо, Альгерд, яны лічаць, праліваў кроў на Беларусі".

Вартаваць помнік загадана круглыя суткі, бо відэакамер для назірання тут няма. Ахоўнікі не стаяць на месцы, яны патрулююць бліжэйшую тэрыторыю і змяняюцца кожныя 8 гадзін.

Дагэтуль у Віцебску так пільна ахоўвалі толькі адзін аб'ект - гарадскую навагоднюю ёлку, пасля таго як віцебскі актывіст КХП БНФ вывесіў на ёй бел-чырвона-белы сьцяг.

Але гэтым разам, падобна, небяспекі чакаюць не ад апазіцыйных актывістаў, якія толькі віталі ўсталяванне помніка князю Альгерду. Асцярогі, што можа здарыцца акт вандалізму, звязаныя з прарасійска настроенымі асобамі, ці, як яны сябе называюць, "прадстаўнікамі грамадскасці Віцебска", якія пішуць лісты пратэсту супраць усталявання помніка ва ўсе магчымыя інстанцыі.

Апошні раз, ужо трэці па ліку, яны звярнуліся да "гісторыка і кіраўніка дзяржавы" Аляксандра Лукашэнкі, зноў заявіўшы, што гэты помнік абражае пачуцці праваслаўных вернікаў і ўсіх, хто лічыць, што расійскі народ беларусам братні. Бо князь Альгерд, на думку аўтараў ліста, - гэта вораг Расіі. А віцебскія чыноўнікі, якія самі выказалі ініцыятыву ўсталяваць помнік віцебскаму князю, толькі марнуюць дзяржаўныя грошы і празмерна дэманструюць "прыхільнасць да Еўропы". Дасталося ад "віцебскіх прадстаўнікоў грамадскасці" і навукоўцам, якія "імкнуцца перапісаць гісторыю з пункту гледжання Сапегаў і Радзівілаў".
←Государственный комитет судебных экспертиз получит официальные геральдические символы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика