Старшыня райвыканкама на пакосе

Источник материала:  
ДОЖДЖ ліў усю ноч з пятніцы на суботу. І зранку неба таксама было зацягнута хмарамі. Толькі пад абед выглянула сонца. Здавалася, што пры такіх абставінах кармы ў Лепельскім раёне ніхто рыхтаваць не будзе. Але ў сельгасфіліяле «Заазер’е» ААТ «Лепельскі малочны завод», куды мы заглянулі з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Пятром ФІЛІПАВЫМ, уся тэхніка была на полі. Найбольшая нагрузка выпала на механізаванае звяно з граблямі ў складзе трох трактароў «МТЗ-80», якое падвяльвала набрыняўшую вільгаццю канюшыну з цімафееўкай.

— Ад нас залежыць, як пойдзе справа далей, — заўважыў механізатар Павел Пыхцін. — Я, а таксама Іван Бачароў і Дзмітрый Стрыхар, варочаем масу, каб хутчэй падсохла. Поле тут роўнае, высокае. Асаблівых перашкод няма. За дзень звяно праходзіць 120 гектараў.

Шмат у апошні час гаворкі пра траншэі і тэхналогію закладкі ў іх корму. Але, як кажуць, лепей адзін раз убачыць. Тое, што робіцца ў «Заазер’і», уражвае. Па-першае, траншэю, перад тым як пакласці корм, настолькі вычышчаюць, што іголку можна ўбачыць. Па-другое, зялёную масу трамбуюць адразу два магутныя трактары — «К-744» і «Амкадор». І, па-трэцяе, само ўкрыццё корму. Паверх плёнкі пакладзена адслужыўшая тэрмін гума ад колаў тэхнікі, а па краях яна прыціснута мяшкамі з пяском, па 350 штук на кожную траншэю.

Як паведаміў дырэктару філіяла Аляксандр Быкаў, на днях пачнецца закатванне зялёнага корму ў плёнку. Для гэтага ёсць 80 гектараў люцэрны, якой разлічваюць узяць не менш трох укосаў. У плёнку будзе нарыхтавана 1000 тон. Каб не пашкодзіць упакоўку, набыты спецыяльныя прыстасаванні і тэхніка для іх пагрузкі і перавозкі.

Адметнай з’явай у Лепельскім раёне з’яўляецца і тое, што тут, як інфармаваў начальнік райсельгасхарчу Васіль Чараднік, поўнасцю пазбавіліся ад захоўвання сенажу і сіласу ў буртах. Праводзячы рэканструкцыю фермаў і ўзводзячы новыя, паклапаціліся аб будаўніцтве траншэй. Гэта дазваляе рыхтаваць якасны корм і атрымліваць істотную прыбаўку прадукцыі. За 5 месяцаў вытворчасць малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ўзрасла на 8 працэнтаў, а продаж — на 17. Па ўдою ад каровы, а ён за 5 месяцаў склаў 1900 кілаграмаў, раён у тройцы лідараў па вобласці.

...Тысяча чалавек выйшлі ў мінулыя выхадныя на суботнік у Лёзненскім раёне на заліўныя лугі, дзе не праходзіць тэхніка. Касу ў рукі ўзяў і старшыня райвыканкама Іван Лаўрыновіч.

Увогуле ж у раёне першы ўкос заканчваецца. Радуе якасць кармоў, якія толькі першага і другога класа. Лепш іншых справіліся СГ «Кляўцы» Віцебскаблдарбуд», ААТ «Данукалава-Агра», БПУ «Перамонт»ААТ «Віцебскі МЭЗ», ААТ «Лёзненскі райаграсэрвіс», філіял «Выдрэя» УП «Віцебскае аддзяленне БЧ». Апошняе накіроўвае штодня на дапамогу сяльчанам да 150 гараджан.

У раёне актыўна вядзецца падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі на ўбраных сенажацях, каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос.

Ацэньваючы сёлетнюю касавіцу, намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Іван Фёдараў адзначыў, што паўночная вобласць на 2—3 тыдні пазней асататніх пачынае ўсе палявыя работы, у тым ліку і па корманарыхтоўцы. Але, нягледзячы на гэта, вобласць ідзе на ўзроўні з другімі рэгіёнамі. На 16 чэрвеня было скошана 224,3 тысячы гектараў траў, амаль 94 працэнта ад усіх плошчаў. Нарыхтавана 5,38 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Па ацэнках спецыялістаў ветлабараторый, 85—90 працэнтаў кармоў адпавядае  першаму класу.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»,  Сяргей ЛЯШУК

Фота Уладзіміра САУЛІЧА, «СГ»

←Травы много. А где фураж?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика