Магічная мапа Магілёва ад Рамана Жыгарава
Магілёўская рок-зорка, удзельнік колішняга гурта “Глюкі”, а цяпер гітарыст і аўтар тэкстаў знакамітых Akute расказаў пра магічныя месцы роднага горада, звязаныя з юнацкімі страхамі, начной варажбой ды дзіўнымі знікненнямі. |
Пячэрскі лесапарк
Гэта сапраўдны лес у межах горада, я памятаю, як аднойчы мы вырашылі там варажыць, гэта было ноччу, таму было надзвычай страшна. З тых часоў гэтае месца для мяне адно з самых магічных. Я памятаю, як мы чакалі там прыход Эры Вадаліва і выклікалі дэмана.
Старажытныя польскія могілкі
Яны вельмі прыгожыя, там ёсць сапраўдныя падземныя склепы. На могілках быў страшны ахоўнік, якога мы вельмі баяліся. Гэтыя могілкі існуюць і сёння, я вельмі часта каля іх праходжу і ўспамінаю.
Кухня Рамана Жыгарава
Гэта, напэўна, самае магічнае месца з усіх трох, там увесь час нешта знікае. Там знікае ежа, кубкі і нават час ад часу людзі.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі. |