Шайбу злавіў і… з’еў
Карціны, раяль, карону, піраміду і нават карэту з шакаладу можна ўбачыць у Віцебскім мастацкім музеі.
Выстава, якая працягнецца да 18 ліпеня, сабрала дзясяткі экспанатаў, усе яны выраблены ў віцебскай майстэрні толькі з беларускага шакаладу. Аўтар — прафесійны шакалацье, які праходзіў стажыроўку ў Французскай акадэміі шакаладу, практыкаваўся ў Польшчы. Зараз ён не толькі стварае салодкія шэдэўры, але і навучае беларускіх мастакоў.
Першы ў краіне Музей шакаладу будзе папаўняцца эксклюзіўнымі экспанатамі кожны тыдзень, а ўжо ў маі наведвальнікі змогуць набыць сабе салодкія аўтарскія сувеніры. Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі-2014 шакалацье вырабіў і спецыяльную экспазіцыю, у якой ёсць ядомыя клюшка, шайбы і іншыя прадметы на хакейную тэматыку.
— Будуць арганізаваны і майстар-класы нашага мастака, аўтарскія вечары, дабрачынныя акцыі, — расказвае генеральны дырэктар ТАА «Музей шакаладу» Любоў Іванова. — За час працы выставы наведвальнікаў чакае шмат сюрпрызаў, а галоўны з іх запланаваны на 11 ліпеня, калі святкуецца Сусветны дзень шакаладу.
Фота: БЕЛТА