Улады пакуль не вырашылі пытанне па ўтылізацыі градуснікаў і люмінісцэнтных лямпаў
Фота kachestvo.ru.
Што рабіць, калі вы разбілі градуснік.Пакуль Маладзечанскі райвыканкам не прыняў рашэнне, хто будзе адказваць за збор градуснікаў і люмінесцэнтных лямпаў. А раз рашэнне не прынялі, то і несці іх няма куды.
У “Камунальніку” распавялі, што пытанне ўжо пастаўленае. Чакаюць прыняцця рашэння.
Пакуль што непрыдатныя градуснікі і люмінесцэнтныя лямпы жыхары павінны захоўваць у сябе, бо ў звычайную сметніцу выкідаць іх нельга.
Калі ж градуснік разбіўся, то па дапамогу варта звяртацца ў МНС.
Ніжэй прыведзеныя парады ад службы “101”.
Што рабіць, калі вы разбілі градуснік
1. Выведзіце з памяшкання ўсіх людзей, у першую чаргу дзяцей, інвалідаў, людзей сталага ўзросту.
2. Адкрыйце насцеж усе вокны ў памяшканні.
3. Максімальна ізалюйце ад людзей забруджанае памяшканне, шчыльна зачыніце ўсе дзверы.
4. Засцеражыце органы дыхання хаця б вільготнай марлевай павязкай.
5. Неадкладна пачынайце збіраць ртуць: збірайце спрынцоўкай вялікія шарыкі і неадкладна скідайце іх у шкляны слоік з растворам “марганцоўкі” (2 грамы на 1 літр вады). Больш дробныя шарыкі збірайце шчотачкай на паперу і таксама кідайце ў слоік. Слоік шчыльна зачыніце накрыўкай. Выкарыстанне пыласоса для збірання ртуці забараняецца.
6. Вымыйце забруджаныя месцы мыльна-содавым растворам – 400 грамаў мыла і 500 грамаў кальцынаванай соды (харчовая сода) на 10 літраў вады або растворам “марганцоўкі” – 20 грамаў на 10 літраў вады.
7. Зачыніце памяшканне пасля апрацоўкі так, каб яно не злучалася з іншымі, і праветрывайце цягам трох сутак.
8. Падтрымлівайце ў памяшканні, па магчымасці, тэмпературу не ніжэй за 18-20 градусаў.
9. Вычысціце і прамыйце моцным, амаль чорным растворам марганцоўкі, падэшвы абутку, калі вы наступілі на ртуць.
Калі разлілося больш ртуці, чым у градусніку
1. Захоўвайце спакой, пазбягайце панікі.
2. Выведзіце з памяшкання ўсіх людзей, дапамажыце дзецям, інвалідам і людзям сталага ўзросту.
3. Засцеражыце органы дыхання хаця б вільготнай марлевай павязкай.
4. Адчыніце насцеж усе вокны.
5. Ізалюйце максімальна забруджанае памяшканне, шчыльна зачыніце ўсе дзверы.
6. Хутка збярыце дакументы, каштоўнасці, лекі, прадукты і іншыя неабходныя рэчы.
7 . Выключыце электрычнасць і газ, загасіце агонь у печках перад выхадам з дому.
Барацьба з вялікай колькасцю ртуці і яе парамі вельмі складаная. Хімікі называюць яе дэмеркурызацыяй.
Яе праводзяць двума спосабамі:
– хіміка-механічным – механічны збор шарыкаў ртуці з далейшай апрацоўкай забруджанай паверхні хімічнымі рэагентамі (пасля такога спосабу апрацоўкі памяшканне патрабуе ўзмоцненага праветрывання);
– механічным – механічны збор шарыкаў ртуці з паверхні з наступнай заменай падлогі, тынкоўкі або капітальным рамонтам будынка (гэты спосаб можа прымяняцца разам з хіміка-механічным).