У Маладзечне пачаў працаваць банкамат для невідушчых і людзей, якія дрэнна бачаць
У Маладзечне пачаў працаваць першы банкамат, якім могуць карыстацца невідушчыя і людзі, якія дрэнна бачаць. Банкамат абсталяваны спецыяльнай аўдыёсістэмай і мае на пярэдняй панэлі аўдыёвыхад.
Кліенты могуць падключыць навушнікі і скарыстацца галасавымі падказкамі. Кнопкі на клавіятуры эмбасіраваныя (лёгка адрозніваюцца навобмацак). У спецыяльным рэжыме можна павялічыць памеры літар, лічбаў і сімвалаў на дысплэі на кантрасным фоне.
Банкамат устаноўлены на будынку гандлёвага цэнтра "Спадарожнік", які знаходзіцца недалёка ад ПУП "Энва" ГА "БелТІЗ", дзе працуюць пераважна людзі з праблемамі зроку, у тым ліку інваліды па адпаведных захворваннях.
Просьба ўстанавіць банкамат для невідушчых і тых, хто дрэнна бачыць, прагучала на адной з сустрэч з мясцовымі ўладамі.
Адным з лідараў па рабоце з разліковымі банкаўскімі карткамі з"яўляецца ААТ "Белінвестбанк". Ён абслугоўвае і ПУП "Энва" ГА "БелТІЗ".
- Сацыяльны напрамак дзейнасці - адзін з прыярытэтных для нас, - падкрэсліла намеснік начальніка цэнтра банкаўскіх паслуг №932 г. Маладзечна ААТ "Белінвестбанк" Таццяна Іванаўна Федчанка. - І мы не спыняемся, укараняем новыя формы работы і сучасныя праграмы, даступныя для шырокага кола кліентаў. Спадзяёмся, у Маладзечне з"явіцца яшчэ адзін банкамат для невідушчых і людзей, якія дрэнна бачаць. Мы ўвогуле лічым, што будучыня за безнаяўнымі разлікамі. Яны дазваляюць мабільна і аператыўна кіраваць фінансамі, не выходзячы з дома.
Зрэшты, карыстацца банкаматам могуць усе жадаючыя.