Баранавіцкі актывіст перамог гарвыканкам у судзе
5 сакавіка ў баранавіцкім судзе сышліся актывіст Рыгор Грык і мясцовы гарвыканкам - першы настойваў на прызнанні рашэння другога незаконным.
Раней чыноўнікі забаранілі Грыку правесці пікет, адшукаўшы экстрэмізм у лозунгу "Дзеянні ўладаў і законы РБ - пад грамадзянскі кантроль".
Не згодны з такім тлумачэннем абаронца Грыка абяцаў дайсці нават да суда па правах чалавека:
- Калі ў наш бок не вырашылася б справа тут, то мы пайшлі б далей, - па тэлефоне распавядае прававы інспектар беларускага прафсаюза радыёэлектронікі і лёгкай прамысловасці Уладзімір Малей. - Я падрыхтаваў цэлы выступ на паседжанні. Ну і суддзя ж не дурны чалавек - яна бачыла, што ніводная камісія не адшукае ў такім закліку прыкмет экстрэмізму.
Перамога ў выніку за актывістам - на падставе артыкулаў 35 і 23 Канстытуцыі суддзя Вольга Апановіч прызнала рашэнне чыноўнікаў незаконным. Акрамя гэтага, усе выдаткі другога боку на суд аплоціць таксама гарвыканкам.
Для самога Рыгора такі вынік як мінімум нечаканы:
- Можна сказаць, што такое рашэнне суда - гэта пачатак вясны ў Беларусі. Прававой вясны. Магчыма, наперадзе нейкія змены, - спадзяецца актывіст і працягвае, - мне столькі разоў забаранялі рознага роду пікеты, і вось нас урэшце прызналі правымі. Гэта як маральная перамога, што ўсё ж можна нечага дабіцца.