Жыхароў Баранавічаў паспрабуюць павярнуць да роднай мовы
Пра гэта Intex-press паведаміў адзін з заснавальнікаў курсаў "Мова нанова" Глеб Лабадзенка.
Па інфармацыі афіцыйнага сайта моўных курсаў, асноўная мэта заняткаў - вывучэнне беларускай мовы ў інтэрактыўнай, займальнай і нязмушанай форме.
- Многія беларусы кажуць, што беларуская - іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Словазлучэнне "родная мова" вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады - калі народ адраджаў паўзабытую мову - ёсць у гісторыі, і яны натхняюць! - тлумачыцца назва "Мова нанова" на сайце курсаў.
У Баранавічах імпрэзу правядуць заснавальнікі курсаў - філолаг Алеся Літвіноўская і вядомы блогер Глеб Лабадзенка.
Імпрэза адбудзецца ў суботу, 15 сакавіка, а 16.00, у офісе эколага-грамадскага аб'яднання "Неруш" па адрасе: вул. Паўлава, 12. Уваход вольны.