Сустрэліся Вясна з Зімою
Актыўна выкарыстоўваюць такую нагоду для прыцягнення наведвальнікаў беларускія аграсядзібы і музеі. Так, у адной аграэкасядзібе на Лагойшчыне падрыхтавана цэлая праграма з традыцыйнымі абрадамі, гульнямі і забавамі, якая ўключае і частаванне блінцамі з мёдам, духмянай гарбатай на зёлках, што гатуецца тут па адмысловых рэцэптах — асобна для мужчын і жанчын. Да гаспадара ўжо наведвалася некалькі груп — спалілі шэсць чучалаў Зімы.
У Музеі старажытных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» 1 сакавіка абяцаюць насычаную анімацыйную праграму «Вызваленне Вясны». Гасцей разам з традыцыйнымі забавамі, такімі як перацягванне каната, пачастункі і загадкі ад бабулі Зімы, чакаюць рыцарскія турніры, стральба з лука.
А Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту 2 сакавіка прадставіць унікальную выставу прыстасаванняў для вырабу сыра і масла. На свяце можна будзе навучыцца таньчыць польку і паказаць свой спрыт на масленічным слупе. Провады зімы ў рэгіёне працягнуцца да 8 сакавіка.
Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»
Фота БЕЛТА