Недахоп прыбіральшчыкаў − слабае месца Маладзечна
Пакуль адны чакаюць, калі праблему з прыбіраннем пад’ездаў вырашыць жыллёва-камунальная ўстанова, іншыя сочаць за чысцінёй самі.
Прыбіральшчыкаў у домакіраўніцтвах горада не хапае, таму камунальнікі вітаюць ініцыятывы жыхароў з дзяжурствамі.З тым, хто павінен прыбіраць пад’езды і двары шматпавярховак, дапамагла разабрацца начальніца жыллёвага аддзела “Камунальніка” Вольга Шыцік:
− Прыбіраць пад’езды павінны прыбіральшчыкі з домакіраўніцтва, да якога адносіцца дом. На жаль, прыбіральшчыкаў у нас не хапае, гэта наша слабае месца. Таму мы толькі вітаем, калі самі жыхары складаюць графік дзяжурстваў і самі даглядаюць пад’езд. Яны могуць гэта рабіць, але не абавязаныя.
Дворнікі і прыбіральшчыкі − розныя пасады з рознай сферай адказнасці. Калі дворнік адказвае за чысціню каля дамоў, то прыбіральшчык − у пад’ездах. Цяпер дворнікам спрабуюць дадаць і абавязкі прыбіральшчыкаў.
Часам людзі проста не ведаюць, куды звяртацца з пэўнымі пытаннямі. Многія можа вырашыць ЖКГ. Калі вам трэба, напрыклад, зашкліць вокны ў падвале ці знішчыць мышэй ці прусакоў − можаце звяртацца ў домакіраўніцтва.
Яшчэ пытанне – куды выкідаць буйныя прадметы, напрыклад, канапу, халадзільнік. З гэтым пытаннем можна звярнуцца ў камунальны аддзел “Камунальніка”
па тэлефоне 8 (0176) 73-19-17.
Распрацаваны спецыяльны рэгламент, які рэгулюе прыбіранне. Мы прыводзім некаторыя пункты ніжэй.
Правілы прыбірання
Наступныя правілы тэхнічнага абслугоўвання, распрацаваныя ў пастанове Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 20 мая 2013 года.
Санітарныя работы ў дапаможных памяшканнях дамоў (пад’езды)
1 | Мыць вокны | Раз на год, вясной |
2 | Рабіць сухую ўборку ад смецця | Не менш за два разы на тыдзень |
3 | Мыць лесвічную пляцоўку без абсталявання (звычайнай анучай) | Два разы на месяц |
4 | Мыць лесвічную пляцоўку з ліфтам | Два разы на месяц |
5 | Мыць лесвічную пляцоўку з ліфтам і смеццеправодам | Два разы на месяц |
6 | Прыбіраць кабіны ліфтаў | Раз на пяць дзён |
7 | Абмятаць пыл са столі, праціраць сцены вільготным спосабам, а таксама дзверы, плафоны, ацяпляльныя прыборы | Раз на год |
8 | Прыбіраць падвалы, тэхнічныя падполлі, гарышчы, тэхнічныя паверхі, тэхнічныя памяшканні і памяшканні спецыяльнага прызначэння | Два разы на год |
9 | Дэзінсекцыя (знішчэнне насякомых) | Па меры неабходнасці, адпаведна з заяўкамі |
10 | Дэратызацыя (знішчэнне грызуноў) | Па меры неабходнасці, адпаведна з заяўкамі |
Асноўныя віды работ па прыбіранні каля дамоў вясной, летам і восенню
1 | Падмятаць свежавыпаўшы снег таўшчынёй слою да 2 см | Не радзей аднаго разу на суткі |
2 | Чысціць прыдамавую тэрыторыю ад шчыльнага снегу таўшчынёй да 2 см | Не радзей аднаго разу на суткі |
3 | Чысціць прыдамавую тэрыторыю ад наледзі і снегу | Адзін раз на суткі |
4 | Чысціць прыдамавую тэрыторыю ад наледзі і снегу | Пры механізаванай уборцы |
5 | Прывезці і пасыпаць прыдамавую тэрыторыю пяском ці пясчана-солевай сумессю | Па меры неабходнасці |
6 | Прыбіраць пляцоўку смеццевых кантэйнераў | Раз на суткі |
7 | Прыбіраць газоны ад выпадковага смецця | Раз на тыдзень |
Асноўныя віды работ па прыбіранні каля дамоў зімой
1 | Падмятаць прыдамавую тэрыторыю з пакрыццём | Раз на два дні |
2 | Падмятаць прыдамавую тэрыторыю без пакрыцця | Раз на тры дні |
3 | Прыбіраць пляцоўку смеццевага кантэйнера | Раз на суткі |
4 | Прыбіраць газоны ад лісця, галінак, смецця | Раз на два дні летам і восенню |
5 | Касіць газон ад мая па верасень | Не радзей аднаго разу на месяц |
6 | Чысціць участак пры механізаванай уборцы | Раз на два дні |
7 | Чысціць урны ад смецця | Раз на дзень |
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота krasguk.ru.