На «біс», як трыццаць гадоў таму...
— Дзе я толькі не пабывала ў сваім жыцці: і на Малой Зямлі, і на Далёкім Усходзе, і ў Камсамольску-на-Амуры. Але заўсёды імкнулася наведаць родныя мясціны, — кажа яна.
Школа мае багатую гісторыю. Заснавана яна... у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Настаўнікамі ў ёй былі такія знакамітыя людзі края, як доктар філасофіі Фердынанд Серафімовіч, прафесар логікі і этыкі Віленскага універсітэта Мікалай Мастоўскі, мастак Язэп Драздовіч.
У наш час гэтая адукацыйная ўстанова неаднойчы станавілася адной з лепшых сельскіх школ краіны, а яе былы дырэктар Мілецій Андзілеўка атрымаў медаль Францыска Скарыны пад першым нумарам.
Сёння слаўныя традыцыі навучальнай установы працягвае і памнажае кіраўнік-энтузіяст, чалавек творчы і неабыякавы, Ларыса Гараніна. Па яе ініцыятыве ў будынку школы за два апошнія гады праведзены не проста капітальны, а еўрарамонт. На тэрыторыі ёсць дэндрапарк, экалагічная сцяжынка, пладовы сад, агарод.
Выпускнікі разам з атэстатам атрымліваюць спецыяльнасць трактарыста-машыніста, і не выпадкова, што большасць механізатараў мясцовага КУП СГП «Гара-
дзец» тутэйшыя.
— Я закончыў школу дваццаць гадоў назад і застаўся, як і мае аднакласнікі Юрый Кляманскі, Аляксей Стрыжонак і Юрый Урублеўскі, у вёсцы. Атрымаў ад гаспадаркі трохпакаёвую кватэру. Толькі б рукі былі!..
Не прапусціла вечар сустрэчы і аднакласніца Аляксандра — Марыя Цыганова, аператар машыннага даення гаспадаркі:
— Вельмі ўдзячна класнай Зоі Іванаўне Огінавай, якая была дарадчыцай і сябрам. Я і сёння адчуваю яе падтрымку.
Выпускнікі, выходзячы на сцэну, імкнуліся выказаць у першую чаргу ўдзячнасць сваім педагогам. Палкоўнік з Санкт-Пецярбургу Валерый Ластаўка наведаў не толькі сваіх першых настаўнікаў Галіну Антонаўну Мяцеліцу і Леанілу Сямёнаўну Жугер, але і свайго брата Вячаслава Альфрэдавіча, які і зараз выкладае ў школе матэматыку.
Сюрпрыз настаўніку матэматыкі Вячаславу Альфрэдавічу Ластаўку паднеслі цяперашні старшыня Глыбоц-
кага райвыканкама Алег Морхат, дырэктар прыватнага сталічнага прадпрыемства Анатоль Акачонак і яго намеснік Віктар Пярхальскі, у якіх Вячаслав Альфрэдавіч быў класным. Яны, як і трыццаць год таму назад, выканалі на «біс» музыкальны нумар і падарылі школе швейную машынку.
У ліку знакамітых выпускнікоў школы былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Васіль Хрол і цяперашні — Мечыслаў Морхат, заслужаны артыст БССР Іван Краснадубскі. У гэтым спіску — прафесары, восем кандыдатаў навук. А яшчэ больш тых, хто працуе на роднай зямлі, працягвае яе летапіс!
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара