Пад кантролем... спадарожніка
Асаблівая ўвага — строгаму захаванню графіка руху аўтобусаў па маршруту, бо прастаяць на прыпынку ў мароз і дзесяць хвілін даволі вялікае выпрабаванне і рызыка абмарозіцца. На большасці аўтобусаў устаноўлены спецыяльныя прыборы, па якіх сочаць за іх рухам, а дадзеныя перадаюцца ў цэнтральную дыспетчарскую.
— Аўтобус 56—74 «Радзіміч», вадзіцель — Віктар Каснікоўскі, — засяроджваецца на экране старшы дыспетчар Таццяна Маркавец, — выехаў па маршруту Глыбокае —Ломашы ў 12.10. У 12.17 ён быў у Станулях, у 12.44 — у Плісе. У 13.53 павінен быць у Ломашах. Пачакаем пару хвілін. Бачыце, ён на пад’ездзе...
Дакладна ў гэты час аўтобус прыбывае ў вызначаны пункт.
Канечне, здараюцца па тых ці іншых прычынах накладкі, і тады Таццяна тэрмінова ўносіць карэктывы.
Аўтапрадпрыемства імкнецца не толькі як мага лепш абслужыць у гэтыя зімовыя дні пасажыраў, але памагае іншым арганізацыям. Так, у Стаўбцы накіравалі адразу два «МАЗы», каб даставіць гаспадарам сапсаваную машыну з прычэпам ААТ «Залатая падкова», якая брала там патаку для жывёлы. З Пастаўскага раёна прыцягнулі «замерзлую» расійскую дваццацітонную фуру.
Аўтавакзал у Глыбокім хоць і далёка не новы, але ў ім цёпла. Дырэктар аўтапрадпрыемства Яўген Лысёнак аддаў распараджэнне, каб у марозныя дні ён адчыняўся раней раскладу ці проста па просьбе пасажыраў.
Інструкцыі — адно, а здароўе людзей даражэй!
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «СГ»