На Віцебшчыне актывізаваліся камп'ютарныя злачынцы
Аддзел УУС Віцебскага аблвыканкама па барацьбе з парушэннямі закона ў сферы высокіх тэхналогій летась выявіў 281 злачынства, што на 22,7% больш, чыму 2012 годзе. Больш як 63% злачынстваў раскрылі.
- Большасць злачынстваў - 247 - крадзяжы з выкарыстаннем камп"ютарнай тэхнікі. Сярод іншых выявілі 34 злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі, - паведаміў Ігар Яўсееў, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама.
Шмат грамадзян пацярпелі ад так званага наваполацкага скімера, які ў банкаматах, у Віцебску і Мінску, пры дапамозе спецыяльнай прылады здымаў усе неабходныя для ўчынення крадзяжу даныя з банкаўскіх картак грамадзян. Злодзей такім чынам украў больш як 35 мільёнаў рублёў. У дачыненні да яго заведзена аж 9 крымінальных спраў.
Супрацоўнікі вышэйзгаданага аддзела сумесна з калегамі з МУС Рэспублікі Беларусь выявілі дзейнасць злачыннай групы, якая летась аналагічным чынам завалодала грашыма з банкаматаў у Оршы і Мінску. Затрымалі грамадзян Малдовы, якія цяпер знаходзяцца пад вартай.Устаноўлена, што ад іх дзейнасці пацярпелі больш як 300 чалавек. Агульная сума ўкрадзеных грошай - больш за1 мільярд рублёў.