Што выгадна людзям, не стратна і фірме
Пералічу толькі некаторыя з іх. Так, ён адстаяў Грытунскую школу Браслаўскага раёна. Там пасля рамонту застаўся дзіцячы сад і пачатковыя класы. У гарадскім пасёлку «Відзы» запрацавала лазня. Маладой сям’і Папковічаў, работнікам свінакомплексу КУП СГП «Гарадзец» Шаркаўшчынскага раёна аказана дапамога з прапіскай у катэджы. У пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна адкрыта аптэка. Станіславу Кацуху з вёскі Кролікі гэта ж раёна дазволена нарыхтоўка дроў у мясцовым лясніцтве.
Ёсць некалькі пытанняў, якія пакуль што не вырашаны, але ўзяты дэпутатам на кантроль. Гэта тарыфы на электраэнергію для жыхароў Браслава. Справа ў тым, што калі дзейнічала Ігналінская атамная станцыя, землі якой межавалі з раёнам, браслаўчане плацілі пяцьдзясят працэнтаў тарыфу за электраэнергію. Цяпер сітуацыя памянялася. Што патрэбна зрабіць, каб пераход на поўную аплату не ўдарыў балюча па людскіх кішэнях, якія папраўкі ў заканадаўчыя акты трэба ўнесці, каб падобная сітуацыя не паўтарылася дзе-небудзь у другім месцы? Аб гэтым сёння думае і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мечыслаў Морхат.
Шосты год, яшчэ будучы старшынёй райвыканкама, а цяпер і заканатворцам, намагаецца ён адкрыць заправачную станцыю ў аграгарадку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Да бліжэйшай адсюль, з Шаркаўшчыны, — трыццаць кіламетраў. Колькі спаліш гаручага, пакуль з’ездзіш туды і назад. Дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскнафтапрадукт» Сяргей Старавойтаў адпісвае, што такая АЗС будзе стратнай і невядома калі акупіцца. Тым не менш ёсць спадзяванне, што ўрэшце будзе задзейнічана хоць перасоўная аўтазаправачная станцыя.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
НА ЗДЫМКУ: Мечыслаў МОРХАТ падчас сустрэчы ў вёсцы Малыя Алашкі з землякамі вядомага садавода Івана Сікоры.
Фота аўтара