У Гродне з аднаго дзіцячага садку выхавацелі звольніліся ледьзве не ўсім калектывам
З новага году былыя ведамасныя дзіцячыя садкі, якія належалі вытворчаму аб'яднанню "Азот", будуць утрымлівацца на сродкі гарадскога бюджэту. Працаўніцы гэтых садкоў пачалі пісаць заявы на звальненне.
Былая выхавацелька садку № 42 спадарыня Вольга распавяла, што яны напісалі заявы практычна ўсім калектывам разам з загадчыцай, бо не хацелі страціць разліковыя выплаты, якія па звальненні ім выплаціў "Гродна Азот". З больш чым 50 чалавек, паводле яе, засталіся працаваць толькі сем:
"І добрую разліковую выплату атрымала. Разам з заробкам я атрымала 4,3 мільёны. Дый сама стаўка ў мяне ў месяц складала 2 мільёны 800 тысяч, а з даплатамі і яшчэ калі даводзілася працаваць у дзве змены, то я мела каля 5 мільёнаў. А тут нам прапанавалі стаўку 2 мільёны".
Яе калега па працы спадарыня Святлана дадае:
"Людзі сыходзяць, бо заробкі нізкія і не адпавядаюць такой працы. Не ведаю, хто прыйдзе туды, але раз яны не хацелі турбавацца пра нас, кваліфікаваных педагогаў, то што тут скажаш!"
Трывогу адразу забілі бацькі. Адна са спадарынь распавядае, што яе дзіця, вярнуўшыся з садку дамоў, папрасіла есці. Раней такога не бывала. Яна пачала высвятляць прычыну. Выявілася, што нават кухараў у садку нестае:
"І штат выхавацелек не ўкамплектаваны. Дайшло да таго, што групы пачалі аб'ядноўваць, прычым дзяцей трох гадоў - з тымі, каму ўжо шэсць. Гэта ненармальна. Выхавацелька не павінна займацца адразу некалькімі групамі".
Новая загадчыца Лілія Лукша кажа, што ўсе 11 групаў у садку функцыянуюць і ў іх пакуль па адным выхавацелю, але, маўляў, кожны дзень набіраюць новых працаўнікоў, паўсюль даюцца аб'явы. Яшчэ яна дадала, што не вельмі разумее тых педагогаў, якія пакінулі дзяцей, не дачакаўшыся, пакуль на іх месцы прыйдуць новыя выхавацелі:
"За кожнай групай былі замацаваныя выхавацелі. Некаторыя з іх сышлі і нічога нават не сказалі бацькам, а дзеці ж да іх прызвычаіліся. Разумееце, педагог - гэта прызванне. Яны павінны былі дачакацца, пакуль на іх месца прыйдзе новы чалавек".
Спадарыня Алена водзіць у гэты садок дачку і кажа, што не мае крыўды на выхавацелек, якія пасыходзілі, бо не хацелі страчваць на заробках, ня кажучы пра добрыя разліковыя. Яна здзіўляецца, што ў гарадзенскім гарана, дзе больш як за два тыдні ведалі, што звальняецца амаль увесь калектыў, не зрабілі належных захадаў:
"Ведалі ж пра гэта заранёў. Я лічу, што ўся адказнасць за сітуацыю ляжыць на аддзеле адукацыі гарвыканкаму. Я, да прыкладу, сабе таксама шукаю заўсёды лепшага, і калі б мне не хапала грошай, то не працавала б на голым энтузіазме. Ясна, што тут дзеці, але асуджаць выхавацелек, якія звольніліся, я не магу і ня буду".