У Гродзенскім універсітэце звольненая гісторык Іна Соркіна
Іна Сарокіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы звольненая з працы, пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook Гарадзенская Бібліятэка.
"Няма іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць (іначай назваць нельга) з універсітэта навукоўца і выкладчыка, якая мае 70 навуковых публікацыяў за апошнія пяць год. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з працы аўтара выдатнай манаграфіі "Мястэчкі Беларусі ў к. 18-пач.19 стст." Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта грамадзянку, якая актыўна выступала і выступае за захаванне гістарычнай спадчыны Гародні. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта калегу, якая даводзіла несправядлівасць і шкоднасць для беларускай навукі і прэстыжа універсітэта звальнення з універсітэта гісторыкаў Вячаслава Шведа і Андрэя Чарнякевіча", піша на сваёй старноцы Бібліятэка.
Іну Соркіну звольніла Рада факультэта гісторыі, турызма і камунікацыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Паведамляецца, што яе месца зойме выкладчык Уладзімір Ягорычаў. Іна Валер'еўна мае тыдзень, каб падаць апеляцыю на рашэнне Рады. Цягам месяца апеляцыя будзе разгледжана рэктарам Андрэем Каралём і Радай універсітэта.