Мішэль, які стаў Міхаілам. Беларускі француз жыве ў вёсцы пад Баранавічамі

Источник материала:  
04.01.2014 13:04 — Новости Общества

Бацькі Міхаіла Ціхінскага з вёскі Калдычэва яшчэ пры Польшчы выехалі на заробкі ў Францыю. Пасля вайны камуністычныя ідэолагі ўгаварылі іх вярнуцца на радзіму.



Міхаіл Ціхінскі, якому сёння 82 гады, жыве ў вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна. Ён нарадзіўся і вырас у Францыі, дзе яго звалі Мішэлем. Туды яго бацькі выехалі напрыканцы 20-х гадоў разам з сотнямі іншых беларусаў, якія хацелі зарабіць грошай на кавалак сваёй зямлі тут, у Заходняй Беларусі. Пасля вайны савецкія ідэолагі здолелі ўгаварыць многіх беларусаў-эмігрантаў, у тым ліку і сям'ю Ціхінскіх, вярнуцца ў Беларусь, на той час ужо савецкую.



Мішэлю падчас пераезду было 17 гадоў. Ён дасканала валодаў французскай і польскай мовамі і зусім не ведаў ні беларускай, ні рускай. Таму сярэдняя еўрапейская адукацыя і год вучобы ў французскім тэхнікуме на слесара-чарцёжніка сталі фактычна непрыдатнымі ў Беларусі. Пачынаць жыццё наноў было запозна. Так Мішэль Ціхінскі быў вымушаны пайсці шляхам шараговага савецкага калгасніка: яго пераназвалі Міхаілам, ён скончыў курсы шафёра ды так і прапрацаваў ім усё жыццё. - І ўвесь час не давалі мне камуністы падняцца. За 43 гады, якія я адпрацаваў шафёрам, мне ні разу новай машыны не далі, бо не хацеў уступаць у партыю, - кажа Міхаіл.



Вясельны фотаздымак бацькоў Міхаіла Ціхінскага, якія пабраліся шлюбам у Францыі. Бацька Міхаіла Ціхінскага, таксама Міхаіл Ціхінскі, вырашыўшы зарабіць грошай на зямлю, выправіўся ў мястэчка Фірміні ў Цэнтральнай Францыі капаць вугаль у мясцовых шахтах. Пражыўшы і адпрацаваўшы за мяжою год, ён прапанаваў каханай дзяўчыне з роднай вёскі Калдычэва Сцепанідзе Шырцы пераехаць да яго. Дзяўчына пагадзілася, і неўзабаве маладая пара зладзіла ў Францыі вяселле. Там у беларусаў нарадзілася трое дзяцей - Мішэль, яго малодшы брат Стэфан і сястра Ірэна. Брат Стэфан з сям"ёй сёння жыве ў старой бацькоўскай хаце. Ён быў яшчэ занадта малы, калі сям"я пераехала ў Беларусь, таму амаль не памятае французскага жыцця. Сястра Ірэна, якая тут стала Ірынай, жыве ў Баранавічах.

Вялікі Міхаіл Ціхінскі і малы Міхаіл Ціхінскі - бацька з сынам у Францыі.

- У Францыі нам жылося добра, хаця дзеля гэтага бацьку трэба было добра працаваць. Маці глядзела малых дзяцей дома. Мы не галадалі нават падчас вайны: шахцёрам заўсёды давалі добры паёк і вялікую дапамогу на дзяцей, - распавядае Міхаіл.



На фотаздымках французскага перыяду Міхаіл Ціхінскі выглядае сапраўдным франтам: як правіла, заўсёды ў піджаку, з расхрыстаным каўнерыкам кашулі і з модным ядвабным шалікам на шыі.



Міхаіл Ціхінскі ў Францыі з гармонікам, на якім яго навучыў граць хросны бацька. Гэты італьянскі гармонік ён прывёз з сабою ў Калдычэва. Але тут бацька вымяняў "італьянку" на каня з інвентаром. А праз год гэтага каня забраў калгас. Сёння, апроч альбома са старымі фотаздымкамі, у Міхаіла Ціхінскага не засталося ніводнай асабістай рэчы з Францыі. Пасля вяртання на радзіму яго бацькам давялося ўсё памяняць на ежу і сродкі для існавання.



Памятная паштоўка з выглядам французскага партовага Марсэля - з калекцыі Міхаіла Ціхінскага. У 1947 годзе параход "Расія", захоплены ў гады вайны ў немцаў, павёз сям"ю Ціхінскіх разам з некалькімі сотнямі іншых беларускіх сем"яў з Марсэля ў савецкую Адэсу. Пасля вайны, прыгадвае Міхаіл, у Францыю пачалі прыязджаць цэлыя дэлегацыі савецкіх камуністаў. Беларускіх эмігрантаў агітавалі за вяртанне на радзіму, маўляў, колькі можна есці чужы хлеб. Расказвалі пра перамогу ў вайне, пра ўраджай пшаніцы, пра тое, як добра цяпер жыць у Саюзе… І сям'я Ціхінскіх захацела дадому. Але з Адэсы беларусы паехалі не дадому. Ім сказалі, што павязуць на радзіму, а прывезлі ў Данецк - аднаўляць і будаваць шахты.

- Там страшныя ўмовы былі. Жылі мы ў нейкіх бараках, елі бульбу з лупінамі, бо голад быў. Усё, што прывезлі з сабою з Францыі, нават касцюмы і абутак, маці выменьвала ў расійскіх інжынераў на хлеб, бо не было чым карміць дзяцей. Калі мае бацькі зразумелі, куды вярнуліся - трошкі пакрахталі міжсобку, а пасля супакоіліся, - прыгадвае Міхаіл.

Праз год сям'і Ціхінскіх усё ж дазволілі вярнуцца на малую радзіму, у Калдычэва, бо ў мясцовым калгасе пасля вайны востра не хапала працоўных рук. Пры гэтым калгасе Ціхінскія і прапрацавалі ўсё сваё жыццё: бацька - вартаўніком, сын - шафёрам. Па словах Міхаіла, амаль усе іх знаёмцы, якія засталіся ў данецкіх шахтах, там і памерлі.



Адзін са шматлікіх аркушыкаў з аўтабіяграфіяй Міхаіла Ціхінскага, якія яго прымушалі пісаць у савецкія часы.

- Кагэбісты прымушалі мяне пісаць гэтыя паперкі штогод. Увесь час прыходзілі, пыталіся, як жыву, ці задаволены жыццём, чаго не хапае, хацелі, каб быў "стукачом". Калі аднойчы ў Баранавічы пераехала жыць французская сям"я, мяне ўгаворвалі пазнаёміцца, пачаць хадзіць да яе ў госці, але я не пагадзіўся. Ведаў гэту палітыку і звязвацца з ёй не хацеў. Нават цяпер не хочацца тое ўзгадваць… - кажа Міхаіл Ціхінскі.

Эмігранты, якія вярталіся на радзіму, знаходзіліся пад пільным наглядам савецкай службы бяспекі. Сям'і Ціхінскіх пасля вяртання з Францыі забаранілі ўсе кантакты са старым светам, нават перапіску, хаця савецкая пошта і без таго была пад пільным кантролем. - Калі ў Маскве запускалі мядзведзя (гаворка пра Алімпіяду ў 1980 годзе. - Аўт.), на нашых дарогах разбівалася шмат французаў. Тады па мяне часта прыязджалі супрацоўнікі ДАІ разам з кагэбістамі і бралі мяне як перакладчыка. Французы заўсёды давалі мне на памяць французскія кнігі або манеты. Дык нават іх мне не дазвалялі браць, папракалі, маўляў, нашто я гэта бяру, навошта гэта мне, - абураецца Міхаіл Ціхінскі.



Прадавец вясковай крамы ў Калдычэва Наталля Палуян частуе Міхаіла Ціхінскага каваю з цукеркамі. Яны сябруюць, хаця і маюць розніцу ў гадах у два разы. Ён называе яе на французскі манер - Наталі, вітаючыся з ёй па-французску: "Банжур!" Яна кліча яго проста - Міхалыч.

У краму да Наталі Міхалыч наведваецца штодня, улетку і да позняй восені - абавязкова з кветкамі, якія вырошчвае ў сваім агародзе. Ён дапамагае разгружаць тавар, точыць нажы, рамантуе інструмент, а ўвечары праводзіць на аўтобус. Наталі распавядае яму біблейскія прыпавесці і частуе каваю: тут у Міхалыча і сваё адмысловае крэсла ў кутку крамы, ёсць і асабісты кубак у кветкі. Калі Міхаіл Ціхінскі не наведваецца ў краму да 12 гадзін, Наталля заўсёды тэлефануе яму дадому - ці не здарылася раптам чаго кепскага.

- Я дальбог усё жыццё любіў дзяўчат. Такі ў мяне тэмперамент, як у французаў. Але вось што галоўнае - я заўсёды паважаў жанчын. А цяпер - якая там любоў, толькі адна павага і засталася, - кажа Міхаіл.



Міхаіл Ціхінскі сярод сваіх аднакласнікаў французскай школы-сямігодкі на выпускным фотаздымку (стаіць другі справа ад настаўніка, з белым шалікам на шыі. - Аўт.). У Францыі ён атрымаў сярэднюю адукацыю, а пасля вайны паспеў яшчэ год адвучыцца на слесара-чарцёжніка.

- Калі б не пераехалі ў Беларусь, можа, і вывучыўся б у Францыі на інжынера: пасля вайны там было шмат працы, - дзеліцца думкамі Міхаіл Ціхінскі.

У правым куце фотаздымка відаць кароткі чарнільны надпіс "Директор Арго" і скіраваная на яго стрэлка. Падобныя тлумачальныя рэмаркі, а таксама пераклады на рускую мову ўсіх подпісаў на адваротным баку здымкаў ёсць на ўсіх фотакартках сям"і Ціхінскіх французскага перыяду.

- Гэта ўсё зрабілі кагэбісты. У іх архівах і цяпер ляжыць шмат маіх французскіх папераў і дакументаў, якія пацвярджаюць, што я - падданы Францыі, - кажа Міхаіл.

Міхаіл Ціхінскі на галоўнай вуліцы вёскі Калдычэва.

- Некаторыя кажуць, што дурні мы, бо вярнуліся сюды, што жылі б цяпер у Францыі, як людзі. Я, канечне, трошкі сумаваў па Францыі, але ні аб чым не шкадаваў. Ведаю, што там жыў бы лепш, але і тут някепска, - кажа Міхаіл і часцей апускае вочы.

21 лютага 2014 года Міхаілу Ціхінскаму будзе 83 гады. Сёння ён жыве адзін. Яго жонка памерла пяць гадоў таму, адна дачка жыве ў суседняй Арабаўшчыне, другая - у далёкім Калінінградзе.

- Я не хаваю: цяпер люблю выпіць. Некалі ў Францыі пілі толькі віно, чыста вінаграднае, 9-градуснае, якога ў бацькі заўсёды стаяла цэлая бочка. Божале - самае лепшае французскае віно. Тут яно вельмі дарагое, тут лепш за ўсё гарэлку піць, - смяецца Міхаіл Ціхінскі.

Развітваючыся з рэпарцёрамі, ён яшчэ дадае:



- Мне казалі, каб перад вашым прыездам я апрануў касцюм, каб сапраўдным французам выглядаць. А я кажу - не трэба мне, няхай людзі бачаць усё так, як ёсць. Хай ведаюць, як я жыў і як жыву цяпер.

←Суд перенес рассмотрение дела о продлении превентивного надзора в отношении Александра Молчанова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика