Птушка 2014 года – зязюля

Источник материала:  

Птушку традыцыйна выбірае Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

Мінулы год прайшоў пад крыламі ўдода. Цяпер надышла чарга зязюлі.

– Лічыцца, што зязюлі – нашы птушкі, беларускія, але ў Беларусі яны праводзяць толькі тры месяцы ў год, – тлумачыць дырэктар АПБ Віктар Фянчук. – Большую частку года яны мігруюць альбо знаходзяцца на зімоўцы ў Афрыцы. Таму праз зязюлю мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на значнасць міграцый і зімовак для птушак. На тое, што захаванне міграцыйных відаў магчыма толькі ў трансгранічным кантэксце.

Зязюль у Еўропе ўсё меншае, бо змяняецца практыка вядзення сельскай гаспадаркі. У Беларусі сітуацыя лепшая.

Летась Беларусь далучылася да міжнароднай праграмы, якая дазваляе з дапамогай спадарожніка сачыць за звычайнай зязюляй. Дзякуючы спецыяльным датчыкам, якія замацоўваюцца на птушках, можна атрымаць інфармацыю пра іх месцазнаходжанне ў рэжыме рэальнага часу.

Гэта дазваляе вызначыць шляхі міграцыі і месца зімоўкі. На пяці беларускіх зязюлях ужо з’явіліся датчыкі, а ў новым годзе плануецца далучыць да сачэння яшчэ дзесяць птушак.

10 цікавых фактаў пра зязюлю:

1. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.

2. Самкі маюць два колеры апярэння – шэры і руды.

3. З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобная да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка.

4. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо.

5. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не ўсім відам птушак, але спіс “ахвяраў” налічвае больш за 100 відаў.

6. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня.

7. Час ад адкладвання яек да вылуплівання птушанят у зязюлі меншы, чым у тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.

8. Зязюля – дальні мігрант. Узімку яна ляціць у Афрыку. Ляцяць птушкі часцей за ўсё не чарадой, а паасобку.

9. Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць. Так адбываецца з-за таго, што валаскі ўпіваюцца ў асаблівае пакрыццё сценак страўніка птушкі, а потым гэта пакрыццё выводзіцца са страўніка разам з валаскамі.

10. У паданнях шматлікіх народаў зязюля з’яўляецца сімвалам дабрабыту.

Паводле інфармацыі АПБ.

Фота deryabino.ru.

←В Минске 3 и 4 января вносятся изменения в работу городского пассажирского транспорта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика